У той час:
Езус узяў з сабою Пятра, Яна і Якуба і ўзыйшоў на гару памаліцца. І калі Ён маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і вопратка Ягоная стала бліскуча-белай. І вось два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.
А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: Настаўнік, добра нам тут быць. Паставім тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі. Не ведаў ён, што казаў. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
А з воблака пачуўся голас, які казаў: Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце. І калі гучаў гэты голас, Езус апынуўся адзін.
І маўчалі яны, і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.
Запрашаю паразважаць над урыўкам з Евангелля, сузіраючы шэдэўр мастака Рафаэля «Перамяненне». Гэты італьянскі мастак жыў у 16 стагоддзі і знакаміты многімі сваімі карцінамі. Адразу кідаецца ў вочы разнастайнасць колераў выявы, а таксама выразная размежаванасць святла і цемры. Езус перамяняецца на гары Табор, каб паказаць прысутным тром апосталам сваю Боскую веліч. Побач з ім – Майсей і Ілля. Гэтыя фігуры разам з асобай Езуса як бы ўтвараюць нябачны трохкутнік. У часы Рэнесансу трохкутнік лічыўся сімвалам дасканаласці. Гэтую ідэю выкарыстаў Рафаэль, каб паказаць, што закон і прарокі, увасобленыя Майсеем і Іллёй знаходзяць сваё ідэальнае выкананне ў Хрысце. Хрыстус паказаны ў бліскучым святле. Гэты бляск настолькі моцны, што прымушае апосталаў прыкрываць свой твар рукамі. А што ж паказаў мастак пад гарой перамянення? Знізу мы бачым натоўп людзей і апантанага хлопчыка, якога прывялі да Месіі. Цемра вакол сімвалізуе духоўную ноч, у якой жывуць людзі. Каб перайсці да дзённага святла, неабходна скіраваць свой позірк на Божага Сына.
Кожны з нас пакліканы да ўнутранага перамянення. Ідэя хрысціянства палягае на тым, каб станавіцца лепшым і святым. Хрысціянства – гэта не проста традыцыя малітваў і абрадаў. Хрысціянства – гэта жыццё Евангеллем. Пакуль мы не запросім Хрыста ў сваё жыццё, дагэтуль будзем прабываць у цемры. Вялікі пост — гэта выдатная магчымасць пачаць ад новага. Няхай нас не бянтэжыць ні наш узрост, ні нейкія іншыя абставіны. Рафаэль напісаў карціну «Перамяненне» якраз перад сваёй смерцю. Заўсёды ёсць час на стварэнне шэдэўру, асабліва, калі гаворка ідзе пра нашае жыццё.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
