У той час:
Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. І вось з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.
Пётр сказаў у адказ Езусу: Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі.
Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.
А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: Устаньце і не бойцеся. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.
І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
Шлях да перамянення — малітва. Ці маем мы для яе час, ці імкнёмся маліцца ўважліва? Да малітвы і супакою ці да раздражнёнасці і гнеўных слоў мы звяртаемся падчас спакус, што надараюцца ў нашым жыцці? Ці ўзыходзім мы штодзённа на духоўную гару перамянення Божай славы, малітоўна ўзвышаючыся да Бога? Ці прысвячаем лепшы час у нядзельныя і святочныя дні для наведвання святой Імшы, чытання Святога Пісання, для добрых учынкаў?
Што яшчэ неабходна нам для дасягнення мэты нашага жыцця, для перамянення нашай душы? Некаторыя святыя звярталі ўвагу на тое, што Хрыстус заўсёды прабываў у славе, як праўдзівы Бог. Вучні ж, як людзі са сваімі грахоўнымі зморамі і немаччу, не маглі бачыць Ягоную славу. Калі вокны ў пакоі пакрыты тоўстым пластом пылу, ці можна будзе ўбачыць скрозь іх яркае святло? У такім пакоі круглыя суткі будзе цёмна. Так і душа, якая жыве бестурботна, не прыкладае намаганняў да ачышчэння ад грахоў і духоўнага росту, не можа бачыць Божую славу, не мае сапраўднай веры.
Душа, якая не ачысцілася ад грахоў, не можа атрымаць нават аддаленага ўяўлення аб Нябесным Валадарстве, аб нябёсах, у параўнанні з чым усе даброты гэтага свету не каштуюць нічога. Не можа зразумець, якая мэта, дзеля якой мы перажываем у гэтым жыцці розныя скрухі і цяжкасці, выпрабаванні і спакусы, ідучы вузкім шляхам Божых запаведзяў, уздымаючыся на гару перамянення свайго сэрца. Аднак той, хто падрыхтаваў душу пакаяннем і малітвай, подзвігам перамянення сябе ўнутры, можа спадобіцца ласкі датычнасці да Божай славы.
Такім чынам, без пакаяннай працы, якая палягае на барацьбе з уласнымі грахамі, без малітвы і добрых учынкаў, перамянення быць не можа. Можа быць толькі самападман — лічым сябе ўжо змененымі, а блізкія ніякіх змен не бачаць — які быў, такі і застаўся. Наадварот, чалавек святы сам сваёй святасці не заўважае, плача аб грахах, а навакольныя бачаць у ім Божае святло.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
