Разважанне на І Нядзелю Адвэнту. Год С. 28 лістапада

Евангелле Лк 21, 25–28. 34–36

Езус сказаў сваім вучням: Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае. Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбыцца, і стаць перад Сынам Чалавечым.

У сённяшнім урыўку мы разважаем над словамі Езуса пра Яго другі прыход на зямлю. Першы прыход адбыўся ў цішыні і таямніцы, вядомы толькі некаторым асобам: пастушкам і каралям з Усходу. Другі прыход адбудзецца такім чынам, што пра гэты факт даведаецца кожны жыхар зямлі. Гэтаму прыходу будуць папярэднічаць знакі ў прыродзе: знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Хто з’яўляецца адрасатам гэтых слоў Езуса? Ці толькі пакаленне, якое будзе жыць у тыя будучыя часы? Не. Адрасатамі закліку да чування з’яўляюцца ўсе пакаленні: як слухачы Езуса, так і мы, хрысціяне 21-га стагоддзя.

Езус заклікае нас быць чуйнымі: Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Перыяд Адвэнту дапамагае нам падрыхтавацца як да Свята Божага Нараджэння, так і да другога прыходу Езуса на зямлю. Сённяшні свет стараецца адцягнуць нашую ўвагу ад важных рэчаў. Аднак, вельмі важна знайсці час для роздуму над сваім жыццём. І няхай гэты роздум прывядзе да сапраўднай перамены да лепшага. Важным элементам чування з’яўляецца малітва. Памятаем, што Божы Сын сам сваім прыкладам паказаў нам важнасць размовы з Богам. Асабліва ў перыяд розных выпрабаванняў нам трэба памятаць пра малітву, бо яна дае неабходную моц.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку