У той час: Езус сказаў сваім вучням: Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх: так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая.
Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце.
У плыні штодзённага жыцця, калі нас паглынае мітусня і бясконцыя клопаты, ёсць небяспека, якая можа быць самай вялікай пагрозай для душы — духоўная абыякавасць. Мы можам так захапіцца зямным, што перастаём заўважаць Божыя знакі і Божую прысутнасць. Адвэнт, які мы сёння распачынаем, — гэта не проста прыгожы перыяд перад Божым Нараджэннем — гэта час абуджэння, час вяртання да жывой веры, час, калі мы вучымся зноў быць уважлівымі да голасу Бога. Евангелле паводле Мацвея (Мц 24, 37–44) нагадвае нам: прыйсце Сына Чалавечага будзе нечаканым. Таму сапраўднае хрысціянскае чуванне — гэта не страх, а пастаянная гатоўнасць, унутраная пільнасць, якая не дазваляе заснуць у духоўным сне і паддацца апатыі гэтага свету.
Сённяшняе Евангелле нагадвае нам пра дні Ноя. Людзі тады жылі сваім звычайным жыццём: елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж. Але ў гэтым штодзённым рытме яны страцілі здольнасць бачыць Божую прысутнасць і слухаць Яго папярэджанні. Езус кажа: «Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага» (Мц 24, 37–39). Праблема была не ў саміх штодзённых справах і ў звычайным току жыцця — яны натуральныя і патрэбныя. Праблема ў тым, што людзі «не ведалі» (грэц. οὐκ ἔγνωσαν), гэта значыць, свядома адмовіліся прыняць Божае аб’яўленне і прароцкі заклік Ноя. Гэта не просты недахоп інфармацыі, а духоўная слепата, выбар жыць так, быццам Бога няма. Такое бесклапотнае стаўленне становіцца пасткай: звычайнасць і шэрасць жыцця можа перарасці ў духоўны сон і адарваць чалавека ад збаўлення. Езус папярэджвае нас, каб мы не згубілі вертыкальнае вымярэнне свайго існавання — сувязь з Богам, якая дае сапраўдны сэнс кожнаму дню.
Езус падкрэслівае, што другое прыйсце — гэта момант, які патрабуе індывідуальнага адказу і асабістай гатоўнасці: «Тады двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты. Дзве будуць малоць на жорнах: адна будзе ўзятая, а другая пакінутая» (Мц 24, 40–41). Гэтыя прыклады парнага падзелу паказваюць, што знешнія абставіны і сацыяльная блізкасць не будуць мець значэння ў момант Божага суду. Рашэнне пра збаўленне ці асуджэнне будзе прымацца для кожнага асабіста на падставе ўнутранага духоўнага стану і плёну веры (пар. Гал 5, 22). Гэта таксама перасцярога для нас, каб мы не спадзяваліся на сваю прыналежнасць да супольнасці ці на сваю вонкавую набожнасць, а на глыбіню свайго навяртання і любові. Бог будзе ацэньваць нас не па вонкавых прыкметах, а па праўдзе сэрца і па міласэрнасці, якую мы праяўлялі.
Ключавы элемент сённяшняга Евангелля — гэта заклік да чування: «Таму чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе» (Мц 24, 42). Ужытае тут слова «чувайце» (грэц. γρηγορεῖτε) азначае актыўную, свядомую пільнасць. Гэта не проста пасіўнае чаканне, а стан поўнай гатоўнасці да дзеяння, няспынная малітва (пар. 1 Тэс 5, 17) і маральная цвёрдасць. Чуванне — гэта выбар жыць у святле Хрыста, каб цемра свецкай апатыі і граху не заспела нас знянацку. У гэтым духоўным стане мы распазнаём знакі часу і здзяйсняем Божую волю тут і цяпер, не адкладаючы навяртання і добрых спраў на потым.
Каб узмацніць ідэю нечаканасці, Езус распавядае прыпавесць пра злодзея: «Бо ведаеце, што, калі б гаспадар дому ведаў у якую варту прыйдзе злодзей, дык не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой. Таму і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце» (Мц 24, 43–44). Злодзей у духоўным кантэксце сімвалізуе раптоўнасць прыйсця Пана, а не Яго злы намер. Гаспадар — гэта мы самі, а «дом» — гэта нашае духоўнае жыццё, якое мы пакліканы абараняць ад пранікнення граху і знішчэння праз негатыўныя ўздзеянні свету. Невядомасць дакладнага часу прыйсця Хрыста служыць педагагічнай мэце: яна падтрымлівае нас у пастаяннай кандыцыі і патрабавальнасці да саміх сябе. Наша чуванне не павінна быць матывавана страхам, а любоўю і жаданнем сустрэцца са сваім Збаўцам.
Заклік да чування ў святле Божага Валадарства мае глыбокае сакрамэнтальнае вымярэнне. Наша чуванне праяўляецца ў рэгулярным удзеле ў Эўхарыстыі, а таксама ў частым здзяйсненні сакрамэнту пакаяння. Праз святую камунію мы ўжо цяпер, у Адвэнце, сустракаемся з Хрыстом, які прыйшоў і які прыйдзе. Гэтая рэальная прысутнасць умацоўвае нас у цярплівасці і дапамагае нам жыць так, як быццам кожны дзень можа быць апошнім, не ў трывозе, а ў плённай веры.
Чуванне — гэта не дадатковая рыса, а неабходны стан вучня Хрыста. Мы пакліканы да святасці і да місіі ў свеце, але гэтая місія пачынаецца не з вялікіх учынкаў, а з вернасці ў малым. Калі мы сумленна выконваем свае абавязкі, калі праяўляем міласэрнасць да бліжняга, калі захоўваем чысціню сэрца — тады нашае жыццё становіцца жывым сведчаннем пра Валадарства Божае. Езус вучыць нас прызнаваць сябе «нікчэмнымі слугамі» (Лк 17, 10): мы робім толькі тое, што павінны, але менавіта ў гэтым адкрываецца веліч Божай ласкі. Бо збаўленне — гэта дар, які мы не заслужылі, але атрымалі. І таму наша пільнасць і гатоўнасць — гэта не страх перад будучыняй, а радасць служэння, якая адкрывае шлях да Божай волі.
Такім чынам, сённяшняе Евангелле — гэта не проста напамін, але заклік да сапраўднай духоўнай рэвалюцыі. Яно кліча нас перастаць жыць толькі паводле зямных мерак і адкрыць сэрцы для вечных прынцыпаў Божага Валадарства. Адвэнт — гэта час ачышчэння, калі мы адкідваем смецце абыякавасці і дазваляем святлу Хрыста свабодна ўвайсці ў нашыя сэрцы. Няхай наша пільнасць будзе не страхам, а актам любові. Няхай нашае жыццё стане свяцільняй, якая гатова загарэцца перад абліччам Пана. І калі прыйдзе Сын Чалавечы, мы зможам сустрэць Яго не ў разгубленасці, а ў радасці — як таго, каго чакалі, каго прызналі сваім Збаўцам.
Адвэнт — гэта дарога, якая вядзе нас да гэтай сустрэчы. Гэта шлях, на якім мы вучымся адкідаць усё лішняе, каб захаваць галоўнае. Гэта час, калі мы адкрываем сэрцы для Божага святла, каб яно магло асвятліць нашы сем’і, нашыя супольнасці, нашыя працы і нашыя штодзённыя абавязкі. Няхай кожны дзень Адвэнту стане для нас маленькім крокам насустрач Хрысту. Няхай наша малітва будзе дыханнем душы, наша міласэрнасць — жывым сведчаннем веры, а наша пільнасць — актам любові, які не дае нам заснуць у абыякавасці. І тады, калі прыйдзе Пан, мы сустрэнем Яго не як чужога, але як таго, хто заўсёды быў побач, хто ішоў з намі праз усе выпрабаванні і хто цяпер адкрывае перад намі дзверы вечнага жыцця.
Разважанне падрыхтаваў кс. кан. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
