У той час:
Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і пайшоў. Калі ж збажына ўзышла і дала плод, тады паказаўся каласоўнік. Прыйшоўшы ж, слугі гаспадара дому сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік. Ён жа сказаў ім: Вораг зрабіў гэта. А слугі сказалі яму: Хочаш мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва; і ў час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё.
Пшаніца і каласоўнік вырастаюць з насення. У сённяшнім Евангеллі мы даведваемся, што пшаніцу, якае становіцца сімвалам дабра, пасеяў Бог, вораг жа пасеяў каласоўнік, які стаўся сімвалам зла. Каласоўнік, які пасеяў вораг, — расліна, якая на першых этапах вегетацыі нагадвае пшаніцу, а яго моцныя карані робіць немагчымым праполку без знішчэння разам з каласоўнікам і пшаніцы. Распазнаць жа дзе каласоўнік, а дзе пшаніца магчыма толькі па пладах.
Езус Хрыстус як добры гаспадар засявае поле добрым насеннем, а д’ябал, выкарыстоўваючы недахоп уважлівасці і слабасці людзей, сее зло, праз што жадае любым спосабам перашкодзіць і знішчыць працу і задуму Бога. Прычынай і крыніцай зла ў нашым свеце з’яўляецца вораг. Яго спакусы і благія намеры прычыняюцца да таго, што чалавек гатовы паддацца і знішчыць несвядома Божыя парасткі: “хочаш мы пойдзем выпалаць яго”. Толькі паслухмянасць Хрысту і Яго слову спыняе чалавека ад знішчэння засеянага: “не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы”. Езус кажа: “у час жніва я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць; а пшаніцу збярыце ў гумно маё”.
Дабро, якое мае сваё радовішча ў Богу і зло, якое з’яўляецца справай д’ябла, існуе тут і зараз да канца свету, да жніва – суду Божага. Алегарычная інтэрпрэтацыя сённяшняга евангельскага ўрыўку прыадчыняе для нас эсхаталагічны сэнс як дабра, так і зла. У нашыя сэрцы пастаянна падае добрае насенне, якое Бог засявае, але д’ябал таксама не спіць. Нам цяжка прыняць, што ў гэтым свеце існуе як дабро, так і зло. Цяжка зразумець Божую цярплівасць, якая патрабуе і ад нас абсалютнай вернасці.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
