У той час:
Езус сказаў сваім Апосталам: Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.
Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто стаціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.
У гэту нядзелю з незвычайнай моцай словы Хрыста скіраваныя да нас, каб мы без рэшты і без ваганняў жылі наследуючы Пана, ідучы за Ім і будучы Яго вучнямі нават калі гэта вымагае ахвярнасці і нават мужнасці.
Любоў да Хрыста павінна быць вышэйшай за сямейную прывязанасць. “Хто любіць бацьку ці маці, … хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне” — гэтыя словы не памяншаюць узаемную любоў бацькоў і дзяцей, але таксама не могуць стацца вышэйшымі за любоў да Бога і вернасць Яго слову. Калі любоў да бацькоў і дзяцей паходзіць з любові да Хрыста, то становіцца благаслаўленнем як для сям’і, так і для ўсяго грамадства. Сапраўдная любоў да Езуса патрабуе сапраўднай любові да бацькоў, да дзяцей, рэалізуецца і прыносіць шматлікія плёны, калі з’яўляецца вышэйшай за любыя адносіны і зямныя сувязі.
Не бывае сапраўднай любові без крыжа, гэта значыць без кошту, які трэба заплаціць асабіста. Езус кажа: “Хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне”. Крыж, які нясём разам з Езусам, не палохае, бо Ён заўсёды побач з намі, падтрымлівае нас у хвіліны самых цяжкіх выпрабаванняў, напаўняе нас сілай і адвагай.
Мы знаходзім паўнату жыцця і радасці, калі прыносім сябе ў дар дзеля Евангелля і братоў, з адкрытасцю і добразычлівасцю. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, якая любіла Езуса больш за ўласнае жыццё і ішла за Ім да самага крыжа, дапаможа нам заўсёды наследаваць Пана, з найвялікшай адданасцю і любоўю.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
