Разважанне на ХІІ звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мц 10, 26–33

У той час:

Езус сказаў сваім Апосталам: Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага.

У вас жа і валасы на галаве палічаны. Таму не бойцеся: вартыя вы больш за многіх вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом  Маім, які ў нябёсах.

Пан Езус, пасля таго, як выправіў сваіх вучняў прапаведаваць тую ж самую вестку пра Валадарства Нябеснае, якую абвяшчалі Ян Хрысціцель і сам Хрыстус, а менавіта, што яно наблізілася, даручаючы ім абвяшчэнне Евангелля, навучае і падрыхтоўвае іх да супраціву ды пераследу, з чым яны сустрэнуцца падчас выканання слоў Настаўніка. Адправіцца прапаведаваць Добрую Навіну, гэта не тое самае, што здзейсніць вандроўку ці паход у прыемным таварыстве.

Хрыстус папярэджвае сваіх вучняў: “сустрэнеце пераслед”, але таксама і дае ім надзею, падмацоўваючы заклікам: “не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле (…)

Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць”. Словы Езусу прадвяшчаюць не толькі і выключна перамогу, але ўказваюць і на мучаніцкую смерць: “Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене.” Гэта ўсё сведчыць, што шлях вучня Хрыста заўсёды не лёгкі, заўсёды перапоўнены перашкод і небяспекі.

Цяжкасці і цярпенні з’яўляюцца часткай абвяшчэння Добрай Навіны. Кожны з нас, накіроўваючыся за Хрыстом ды становячыся Яго сведкам, пакліканы знайсці ў іх нагоду, каб праверыць сапраўднасць нашай веры і нашых адносін са Збаўцам. Цяжкасці і перашкоды з’яўляюцца магчымасцю і шансам, каб быць больш адкрытымі на бліжняга, каб узрастаць і ўзмацняцца ў Божай ласцы. У цяжкасцях хрысціянскага сведчання ў свеце, мы ніколі не забытыя, заўсёды знаходзімся пад апекай і ўважлівым позіркам Нябеснага Айца.

У сённяшнім Евангеллі аж тройчы Езус запэўнівае вучняў, кажучы: “не бойцеся!”, што асаблівым чынам узмацняе таксама і наш дух, прама ўказвае на Божае спрыянне ва ўсіх сітуацыях нашага жыцця.

Няхай жа Багародзіца, прыклад вернасці і еднасці з Божым словам, дапаможа нам зразумець, што ў сведчанні веры найкаштоўнейшым з’яўляецца вернасць Хрысту і Яго Добрай Навіне не гледзячы на ўсе перашкоды ды выпрабаванні.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку