Разважанне на ХІ звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мц 9, 36–10, 8

У той час:

Езус, убачыўшы натоўпы людзей, злітаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра. Тады Ён кажа вучням сваім: Жніво вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.

І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач. Імёны ж дванаццаці апосталаў былі такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго,  Якуб  Забядэя і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.

Гэтых дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: На шлях паганцаў не ідзіце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Найбольш ідзіце да авечак з дому Ізраэля, якія загінулі. А ідучы, абвяшчайце, кажучы: Наблізілася Валадарства Нябеснае. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма і давайце.

Дванаццаць апосталаў былі пасланыя Езусам прапаведаваць тую ж самую вестку пра Валадарства Нябеснае, якую абвяшчалі Ян Хрысціцель і сам Хрыстус, а менавіта, што яно наблізілася. “І, паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх”, Езус загадаў ім прапаведаваць габрэям. Асабліва падкрэсліў: “на шлях паганцаў не ідзіце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце”. Апосталам трэба было ісці толькі да загінуўшых авечак дома Ізраэля, паколькі Дабравесце датычылася ў першую чаргу гэтага народа, было яму абяцана Богам праз запавет. І, калі б Ізраэль прыняў свайго Валадара, што прыйшоў да яго, то ўсе астатнія народы былі б бласлаўлёныя ў Ім.

Мы з’яўляемся вучнямі Езуса і Яго сведкамі, благаслаўлёныя Ім. “Сведчыць пра Езуса, рабіць нешта для іншых у Яго імя — гэта значыць між радкоў жыцця казаць: мы атрымалі настолькі прыгожы дар, што ніякіх словаў не хопіць, каб яго выказаць” – павучае Папа Францішак. Свет прагне Евангелля! Мае патрэбу таксама ў людзях, якія будуць яго абвяшчаць. Усе мы, асвечаныя Духам Святым, пакліканы быць вучнямі і пасланцамі Добрай Навіны.

22 лютага 2023 года, падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Пантыфік заўважыў, што толькі дзякуючы Святому Духу можна прыняць і выканаць місію Хрыста. Ён нагадаў пра тое, як напалоханыя апосталы прабывалі зачыненыя ў Вячэрніку, пакуль не прыйшла Пяцідзясятніца і Святы Дух не сышоў на іх. “Яго сілай гэтыя рыбакі, у большасці непісьменныя, зменяць свет… Такім чынам, абвяшчэнне Евангелля адбываецца толькі ў моцы Духа, які апярэджвае місіянераў і рыхтуе сэрцы: Ён з’яўляецца “рухавіком евангелізацыі”.

Будзьма вернымі вучнямі і сведкамі Хрыста, несучы Яго Евангелле свету. Будзьма заўсёды гатовыя несці Любоў бліжнім!

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку