Разважанне на ХХVIII звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мк 22, 1–10

У той час:

Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. I паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці.

Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!

Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.

Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.

Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.

У сённяшнім Евангеллі мы чуем чарговую прыпавесць Езуса, якая прадстаўляе нам караля, што спраўляе вяселле для свайго сына. З самага пачатку прыпавесці мы чуем, што вобразы, якія выкарыстоўваюцца ў ёй, прадстаўляюць слухачу вобразы Нябеснага Валадарства, а таксама раскрываюць задуму і план Бога адносна чалавецтва. Кароль – гэта вобраз Бога Айца, які прыгатаваў для ўсяго чалавецтва неверагоднае свята любові ў братэрстве і еднасці вакол свайго адзінароднага Сына.

Кароль у сённяшнім Евангеллі двойчы пасылае слуг паклікаць запрошаных, — у першым выпадку гучыць адмова і адсутнасць жадання каб прыняць запрашэнне, у другім жа запрошаныя “пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.” Вынік такой паставы запрошаных становіцца для іх трагедыяй: “кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад”.

Езус запрашае і нас на сваё свята, запрашае стаць удзельнікамі Яго нябеснай бяседы, але не дастаткова толькі вусна прыняць запрашэнне Пана. Трэба быць гатовымі паўстаць на шлях духоўнай працы і навяртання, якое змяняе сэрца. Запрашэнне міласэрнасці, якое Бог няспынна прапануе нам – гэта бескарыслівы дар любові, гэта Яго гаючая ласка. Божае запрашэнне патрабуе. На вялікі жаль, вельмі часта мы супрацьпастаўляем нашы інтарэсы і матэрыяльныя даброты Пану. Вельмі часта абіраем свае інтарэсы перш выканання Божай волі.

Кароль з прыпавесці не жадае, каб банкетная зала засталася пустая, бо прагне дарыць скарбы свайго Валадарства тут і зараз. Кажа слугам: “Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле”. Бог няспынна нас запрашае. Ніхто не выключны з Божага дому любові і міласэрнасці. Бог цярпліва чакае кожнага з нас на ростанях нашых жыццёвых дарог.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку