У той час:
Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны – Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.
Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе. Тады загадаў вучням сваім, каб нікому не казалі, што Ён — Месія.
“Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?”. Апосталы, што знайшліся побач Хрыста, чулі ад людзей, што Езус з Назарэта галоўным чынам лічыўся прарокам, але нібыта пачалі спаборнічаць у прадстаўленні розных меркаванняў: “адны – Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў”.
Хрусыту нібы адчуў, што вучні перадаюць словы іншых людзей, але не свае, тады спытаўся іх прама: “А вы кім лічыце Мяне?”. Гэтае пытанне было як агульным так і асабістым для кожнага апостала, як і пакліканне скіраванае канкрэтна да канкрэтнага чалавека, на што трэба было ў гэты момант даць адказ– чаму я пайшоў за Настаўнікам, хто Ён для мяне?
Сёння мы чуем як да кожнага з нас скіравана пытанне Езуса: “А вы кім лічыце Мяне?”. Гаворка ідзе пра тое, каб даць не тэарэтычны адказ, але праз і ў глыбокай веры і любові, у адказнасці свайго выбару і трывання, адказ з нашага жыцця, як на гэтае пытанне адказаў Пётр: “Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога”.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
