У той час:
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.
А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету.
Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе.
З урыўка Евангелля мы даведваемся пра нянавісць свету да вучняў Хрыста. Тыя, хто пайшоў следам за Божым Сынам, хто ведае Яго голас, павінны ўсведамляць сабе, што нашае духоўнае жыццё – гэта барацьба. Хрысціянства – няпростая рэлігія. Мы ведаем прыктыкі працяглых малітваў, постаў і аскезы. Усё гэта патрэбна нам, каб не страціць адчуванне духоўнага свету. Справа ў тым, што матэрыяльны свет спрабуе злавіць верніка ў свае сеткі. Гэта лёгка бачна па тым, як часта людзі, ахрышчаныя ў імя Святой Тройцы, становяцца ахвярамі пасткаў злога духа. Гэта – любая залежнасць, што знявольвае чалавека, кшталту алкагалізму, наркаманіі, прагі грошай, улады і г.д… Аднак Божы Сын, прадбачачы ўсе гэтыя выпрабаванні, горача моліцца за нас да Айца, каб мы маглі вытрываць і перамагчы ў барацьбе. Таму важна памятаць пра яшчэ адзін момант. Усё, што мы можам пасмакаваць у духоўным жыцці, чаго можам дасягнуць, – усё гэта толькі дзякуючы Божай дапамозе. Нашых людскіх сілаў не дастаткова, каб супрацьстаяць злому духу. Таму Езус і кажа: Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Тым не менш, якімі б ні былі абставіны нашага зямнога жыцця, варта нам памятаць і пра тое, што Езус сам нас пасылае ў свет. Мы маем заданне змяняць гэты свет сваёй святасцю, пабожнасцю і любоўю.
Разважанні падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
