У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.
Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.
Езус у Евангеллі параўновае сябе з вінаграднай лазой, а нас – з галінкамі. Ён папярэджвае вучняў, што, каб прыносіць плён у духоўным жыцці, неабходна трываць у еднасці з Ім самім. Як адрэзаная галінка любой расліны вяне, так і чалавек, не маючы жыццядайнай сілы ад Бога, таксама засыхае. А прызначэнне вучняў Хрыста – прынесці плён. Мы не можам бясплённа пражыць жыццё. Заўсёды трэба ставіць сабе за мэту дабро. Цікава, што Бог як Стваральнік не толькі запрашае нас абрабляць зямлю і кіраваць светам, прыродай, а таксама Ён намякае, што і духоўныя справы хоча рабіць у супрацоўніцтве з чалавекам. Які гэта вялікі давер з боку Бога! Ён запрашае нас да супрацоўніцтва! Важнай акалічнасцю таксама ёсць тое, што Езус падкрэслівае асаблівую залежнасць Бога ад нас. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынесяце багаты плён і станеце Маімі вучнямі. Вядома, што Бог па сваёй прыродзе самадастатковы, і нашая прысутнасць ніякім чынам не ўплывае на Яго бясконцасць, святасць і веліч. Аднак кожны наш добры ўчынак з’яўляецца праслаўленнем Госпада. А гэта ёсць прынцып нябеснага жыцця: збаўленыя людзі і анёлы праслаўляюць Бога ў небе. Таму калі мы робім дабро на зямлі, то пашыраем Божае Валадарства. Неба тады прыходзіць на зямлю.
Разважанні падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
