Разважанне на 33 Звычайную нядзелю. Год В. 14 лістапада

Евангелле Мк 13, 24-32

Езус сказаў сваім вучням: У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта. Неба і зямля прамінуць, а  словы Мае не прамінуць. А пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец.

Урывак з Евангелля, які мы сёння разважаем, можа быць некаторымі людзьмі няправільна зразуметы. Езус гаворыць прароцтва адносна будучыні. Можа здавацца, што Езус анансуе хуткі канец свету. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта. Як разумець гэтыя словы? Справа ў тым, што Езус распавядае тут пра эсхаталагічны час, які пачнецца ўжо ад моманту Яго ўкрыжавання, смерці і ўваскрасення. Сапраўды Ягоная смерць на крыжы стала адпраўным пунктам перамены ўсяго Сусвету. Адбыліся змены, якія маюць універсальны характар. Закончыўся перыяд Старога Запавету, каб уступіць месца Новаму. Праз 30 год будзе збураны стары храм, які ўжо не патрэбны. Няма ўжо ахвяраў Старога Запавету. Ёсць Езус – Святар, Святыня і Ахвяра ў адной Асобе. І ёсць новы абраны народ – хрысціяне, людзі, якія абмытыя кроўю Ягняці і якія ідуць за Ягоным голасам.

Мы ўжо жывем у месіянскія часы. Пакаленне Хрыстовых сучаснікаў сапраўды стала сведкамі тых падзей, пра якія кажа Езус. Дык калі ж Ён сам прыйдзе ў славе і з вялікай сілай? – спытаем мы. Пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец. Будучыню ніхто не ведае, апрача Бога. Ніякія чараўнікі, магі і “прарокі”. Адсутнасць ведаў пра будучыню з аднаго боку нас можа палохаць, а з іншага боку дапамагае нам быць чуйнымі і распазнаваць знакі часу. З перспектывы вечнасці мы разумеем, што Езус ужо пры дзвярах. Запросім жа Яго, каб быў Валадаром нашага жыцця!

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку