У той час:
Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія. Так збылося сказанае прарокам Ісаям, які кажа: Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева, на шляху марскім, за Ярданам, Галілея язычнікаў, народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло.
З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае.
Евангеліст Мацвей распавядае нам пра адзін цікавы эпізод з жыцця Езуса Хрыста. Даведаўшыся, што Ян Хрысціцель арыштаваны, Госпад пакідае Юдэю і адыходзіць у Галілею, дзе спыняецца на паўночна-заходнім беразе Галілейскага мора. Што ж асаблівага ў гэтым учынку? Езусу пагражала небяспека, — таму Ён зыходзіць у іншае месца? Не гледзячы на тое, што гэтыя пытанні маюць сэнс, усё ж гэты ўчынак Хрыста з’яўляецца навукай для нас, каб не ісці свядома насустрач спакусам, але адступаць і ўхіляцца ад іх.
Сённяшняе Евангелле заклікае нас не “геройстваваць” бяздумна, бо сапраўдны гераізм мае сэнс толькі тады, калі ён здзяйсняецца ў пераможнай барацьбе са спакусамі шатана ўнутры нас і спантаннага ратавання бліжніх у крытычных сітуацыях. Якую б гісторыю сапраўднага гераізму мы ні паглядзім — нідзе не ўбачым, каб геройскі ўчынак здзяйсняўся напаказ, праз відэа трансляцыю па сцэнарыю і з мэтай «сарваць апладысменты». Не трэба блытаць самалюбства з ахвярнасцю ды прагу славы са шчырай любоўю і клопатам пра сапраўднае дабро.
Маці, якая кідаецца ў ледзяную ваду ратаваць дачку, бацька, які з апошніх сіл выносіць з палаючага дома сына, — усе яны дзейнічаюць у крайняй сітуацыі толькі дзеля дабра тых, каго ратуюць. Яны гатовыя ахвяраваць уласнае жыццё — толькі б аказаць дапамогу дзеля іх дабра. Гераізм праяўляецца таксама тады, калі чалавек змагаецца з грахом і спакусамі злога ў сваім жыцці, кіруючыся шчырай любоўю да Бога
Менавіта да мудрых і разважлівых учынкаў у нашым жыцці заклікае ў сённяшнім Евангеллі Езус і нас.
Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч
