Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: «Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім». Ён жа адказаў ім: «Што хочаце, каб Я зрабіў вам?» Яны сказалі Яму: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй». Але Езус сказаў ім: «Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» Яны адказалі Яму: «Можам». А Езус сказаў ім: «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана». Пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: «Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца кіраўнікамі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх валадараць над імі. Але не так няхай будзе сярод вас: хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх».
Апосталы Якуб і Ян спрабуюць дамовіцца з Езусам і выпрасіць для сябе самае пачэснае месца ў Нябесным Валадарстве. Яны мераюць Божую рэчаіснасць людскімі меркамі. Сапраўды, людское рэлігійнае пазнанне бывае вельмі вузкім і прымітыўным. Каб зразумець Божую волю, неабходна адкрыцца на Яго слова. Мы, людзі ХХІ стагоддзя, атрымаўшы сучасную адукацыю, закончыўшы школы і ўніверсітэты, бывае, не ўсведамляем сабе, што Божы свет кіруецца іншымі законамі і правіламі.
Заўважым, што жаданне Якуба і Яна быць першымі, выклікае абурэнне сярод астатніх апосталаў. Гардыня бурыць і руйнуе самыя трывалыя сяброўскія сувязі. Для таго, каб апосталы сталі відушчымі і зразумелі Божую логіку збаўлення, ім неабходна прысутнічаць на Галгофе, як Настаўніка, так і сваёй уласнай. Езус кажа ім: Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны. Толькі пасля цярпення, смерці і ўваскрасення Хрыста яны змогуць пераасэнсаваць Яго навучанне і стаць сапраўдным фундаментам Касцёла, які нараджаецца.
Сённяшні ўрывак дапамагае нам дацаніць цярпенне. Яно мае свой глыбінны сэнс, пра які разважае пазней апостал Павел у сваіх лістах. Мы, якія жывём, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе. (2Кар. 4,11) Нашае цярпенне, наш крыж дае нам магчымасць далучыцца да таямніцы Хрыстовай мукі, каб мець магчымасць жыць вечна.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
