У той час:
Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?
Езус сказаў яму: Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці.
А той сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці маёй.
Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: Табе нестае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною.
А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адыйшоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць.
Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, хто мае багацце ўвайсці ў Валадарства Божае! Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае.
А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: Хто ж можа збавіцца?
Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.
Езус у Евангеллі параўновае сябе да вінаграднай лазы, а нас – да галінак. Ён папярэджвае вучняў, што, каб прыносіць плён у духоўным жыцці, неабходна трываць у еднасці з Ім самім. Так як адрэзаная галінка любой расліны вяне, так і чалавек, не маючы жыццядайнай сілы ад Бога, таксама засыхае. А прызначэнне вучняў Хрыста – прынесці плён. Мы не можам бясплённа пражыць жыццё. Заўсёды трэба ставіць сабе за мэту дабро. Цікава, што Бог як Стварыцель не толькі запрашае нас абрабляць зямлю і кіраваць светам, прыродай, а таксама Ён намякае, што і духоўныя справы хоча рабіць у супрацоўніцтве з чалавекам. Які вялікі давер з боку Бога! Ён запрашае нас да супрацоўніцтва. Важнай акалічнасцю таксама ёсць тое, што Езус падкрэслівае асаблівую залежнасць Бога ад нас. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі. Вядома, што Бог па сваёй прыродзе самадастатковы і нашая прысутнасць ніякім чынам не ўплывае на Яго бясконцасць, святасць і веліч. Аднак кожны наш добры ўчынак з’яўляецца праслаўленнем Госпада. А гэта ёсць прынцып нябеснага жыцця: збаўленыя людзі і анёлы праслаўляюць Бога ў небе. Пагэтаму, калі мы робім дабро на зямлі, то пашыраем Божае Валадарства. Неба тады прыходзіць на зямлю.
Юнак адыходзіць ад Езуса засмучаны. Мне падаецца, гэтая драматычная сцэна з Евангелля – знак нашай эпохі. Эпохі спажывальніцтва і пагоні за грашыма. Як шмат людзей не маюць радасці ад сустрэчы з Панам, а шукаюць задавальнення ў зямным багацці! Але ж багацце не можа даць нам вечнага жыцця! Гэта можа зрабіць толькі сам Бог!
Заўважым, што Езус у прыпавесцях даволі часта закранаў тэму грошай, гандлю і маёмасці. Каб лепш данесці слухачам Боскую рэчаіснасць Нябеснага Валадарства, Ён, ужываючы аналогію, выкарыстоўваў прыклады з зямнога жыцця. Ведаем, што ў апосталаў быў адказны чалавек за скарбонку. Ім быў Юда Іскарыёт. Пётр апостал меў дом і лодку. Вучань Езуса Юзаф з Арыматэі быў чалавекам нябедным. Езус не хоча, каб усе хрысціяне прадалі абсалютна ўсю сваю маёмасць і сталі місіянерамі. Не. Каталіцкае сацыяльнае вучэнне вучыць, што маёмасць, якую мы маем, павінна служыць шырокаму кругу людзей. Маёмасць не павінна станавіцца аб’ектам пакланення і спрыяць нашаму эгаізму. Вось у чым была праблема юнака з Евангелля. Ён быў занадта прывязаны да таго, што мае.
Як жа нам быць у сучасным свеце, каб не ўпасці ў грашовае ідалапаклонства? Найперш варта запытаць сябе, ці мой даход я выкарыстоўваю таксама для дабра іншых? Напрыклад, сваёй сям’і і сяброў? Ці дапамагаю тым, хто знаходзіцца ў патрэбе? Сёння некаторыя вернікі самі дабравольна вяртаюцца да сярэднявечнай практыкі дзесяціны. Дзясятую частку свайго месячнага даходу аддаюць на патрэбы Касцёла ці дабрачынных арганізацый. Езус нам кажа: Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Ключавое слова тут спадзяецца. Адзінай нашай надзеяй ёсць сам Бог. Толькі на Яго нам трэба спадзявацца і Яму аднаму служыць.
Разважанні падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
