Разважанне на 27 Звычайную нядзелю. Год В. 3 кастрычніка

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 10, 2–16

У той час:

Падышлі фарысеі да Езуса і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей?

Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту. Прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім. Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго». І, абняўшы іх, благаславіў, ускладаючы на іх рукі.

Фарысеі падыходзяць да Езуса, каб Яго ізноў выпрабаваць, каб задаць Яму цяжкое пытанне і злапаць на нечым. Гэтым разам яны выбіраюць пытанне аб разводах. Пытанне балючае, як у часы Хрыста, так і ў нашыя дні. Езус у адказе цытуе самую першую кнігу Старога Запавету, Кнігу Быцця, дзе кажацца пра стварэнне чалавека пад відам як мужчыны, так і жанчыны. І жанчына і мужчына роўныя. Праз іх сужэнскі саюз Бог хоча ўказаць нам неба і сваю трыадзіную сутнасць. І будуць двое адным целам…  Мова Бібліі, кажучы, што будуць двое адным целам, мае на ўвазе не проста інтымны і сексуальны саюз. Маецца на ўвазе саюз асобаў, саюз і цела і духа. Таму чалавек, які хоча разарваць гэтае сужэнскае адзінства, паступае не па-Божаму.

Чаму ж Майсей дазволіў пісаць разводны ліст? З-за жорсткасці сэрца людзей, а таксама, каб нейкім чынам дапамагчы адзінокай жанчыне, якую пакінуў муж. У старазапаветныя часы адзінокай жанчыне амаль немагчыма было выжыць. Ёй неабходна было мець надзейную абарону ў якасці мужа. Такую магчымасць і даваў ёй разводны ліст, які сведчыў, што такая і такая жанчына вольная ад любых абавязкаў адносна свайго першага мужа і таму можа легальна выйсці другі раз замуж. Майсей не для ўзаконьвання разводаў даў ізраільцянам права пісаць разводныя лісты.

Заўважаем, што ў сваім адказе фарысеям Езус падкрэслівае: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. Езус ураўнівае правы мужчыны і жанчыны. У старыя часы было паняцце, што можна казаць толькі пра віну жанчыны адносна мужчыны ў выпадку разводу, а ніяк не наадварот. Езус жа падкрэслівае, што і мужчына нясе поўную адказнасць за сужэнскі саюз, а жанчына цешыцца ўсімі правамі, якімі валодае мужчына ў гэтай матэрыі. У нашыя часы, калі такія шматлікія разводы ў грамадстве, гэты ўрывак з Евангелля неабходна перачытваць і разважаць усім сужэнцам.

Разважанні падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку