Разважанне на 26 Звычайную нядзелю. Год В. 26 верасня

Евангелле Мк 9, 38–43. 45. 47–48

У той час:

Ян сказаў Езусу: Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі.

Езус жа сказаў: Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.

А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.

Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзьвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзьвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе з адным вокам увайсці ў Валадарства Божае, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.

У гэтым урыўку з Евангелля заўважаем, што апосталы не могуць прыняць іншага чалавека, які ў імя Езуса выганяе злых духаў. Ім яшчэ прадстаіць шмат зразумець у сваім пакліканні і многаму навучыцца. Езус кажа ім не забараняць дзейнічаць гэтаму чалавеку, бо хто не супраць нас, той з намі. Гэты ўрывак добра адлюстроўвае стан хрысціянаў і ў нашыя дні. Сапраўды, як шмат на зямлі тых, хто называе сябе вучнямі Хрыста, а не могуць цярпець адно аднаго. Тут дарэчы будзе ўспомніць падзелы ўнутры нашых парафій і дыяцэзій, нездаровую канкурэнцыю і рэўнасць. А што ўжо казаць пра падзелы, якім сотні гадоў? Чытаючы Евангелле нам усім трэба вучыцца пакоры і любові адно да аднаго. Суд трэба пакінуць Настаўніку. Мы ўсяго толькі няўмелыя выканаўцы, якія часта ўпадаюць у грэх ці то па сваёй віне, ці з-за кепскага прыкладу іншых. Пра такі спакуслівы прыклад гаворыць Езус далей у сённяшнім урыўку. Тое, што раздзяляе нас і нішчыць нашую супольнасць – гэта нішто іншае як грэх. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне… На грэцкай мове слова «спакусіць» у гэтым кантэксце гучыць як «скандалідзо», што можна перакласці, як «кладзе перашкоду». Той, хто дае кепскі прыклад сваімі паводзінамі і вучыць гэтаму іншых, стварае на іх шляху перашкоду, аб якую яны спатыкаюцца. Езус перасцерагае нас ад такіх паводзінаў, бо ў такім выпадку мы нясём агромністую адказнасць не толькі за сябе, але і за таго, каго спакусілі. Молімся, каб нашае жыццё было  для іншых прыкладам дабра і святасці. Толькі такім шляхам пашыраецца Божае Валадарства.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку