ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 21, 28–32
У той час:
Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: Першы.
Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.
Езус зноў ужывае вобраз вінаградніка, каб наблізіць нам ісціну пра Божае Валадарства. У культуры ізраэльскага народа выкананне волі бацькі было святой рэччу. Падлягаў ганьбе і асуджэнню той сын, які не жадаў слухацца сваіх бацькоў. Першы сын з прыпавесці якраз так і паступае. Выказвае сваё нежаданне падпарадкавацца. Аднак пазней мяняе сваю думку. Навяртаецца. Другі сын адразу згаджаецца, але не ідзе працаваць у вінаграднік. Заўважым, што ён ужывае слова “спадару” ў звароце да свайго бацькі. Ці нам гэта штосьці прыпамінае? Успомнім іншы ўрывак з Евангелля, дзе Езус гаворыць: “Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў нябёсах.” А хто можа ўвайсці ў неба? Па словах Езуса, туды, хутчэй, увойдуць мытнікі і распусніцы, чым фарысеі. Справа зноў жа ў навяртанні і пакаянні. Многія грэшнікі, пачуўшы слова Яна Хрысціцеля, задумаліся над сваім жыццём, зрабілі высновы і памянялі свае паводзіны. А вучоныя ў Пісанні людзі, кіраўнікі і старэйшыны народу, не паверылі слову прарока. А не паверыўшы, не перажылі навяртання. Бог называе нас сваімі дзецьмі, а нам у сваю чаргу трэба быць Яму паслухмянымі.
Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
