У той час: Езус і Яго вучні выйшлі і праходзілі праз Галілею, і Езус не хацеў, каб нехта ведаў. Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і забіты ўваскрэсне праз тры дні. Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся. Прыйшоў Ён у Кафарнаум і, калі быў у доме, спытаўся ў іх: Пра што па дарозе вы разважалі? Яны маўчалі, бо па дарозе разважалі паміж сабою, хто большы. Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і ўсіх слугою. Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: Хто прымае аднаго з такіх дзяцей у Маё імя, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне.
Перад сваёй фінальнай вандроўкай у Ерусалім Езус навучае сваіх апосталаў. Няма апісання вялікіх натоўпаў у гэтым урыўку. Езус з вучнямі вандруюць таямніча. Чаму? Таму што для Настаўніка вельмі важна менавіта цяпер сканцэнтраваць сваю ўвагу на вучнях. Гэта яны – тыя, хто пазней пойдуць на ўвесь свет і закладуць хрысціянскія супольнасці. Гэта яны – першыя біскупы, ад якіх будзе залежыць прававернае навучанне і перадача Евангелля. Вельмі важна, каб апосталы зразумелі сутнасць місіі Езуса і сутнасць місіі іх саміх. Спачатку гэтае зразуменне цяжка ім даецца. Як гэта Месія павінен быць аддадзены ў рукі людзей і забіты? Навошта? У антычным свеце лічылася вартым павагі толькі тое, што магутнае, багатае, знакамітае. Вучні ў дарозе нават разважалі паміж сабою, хто большы.
Спакуса нездаровай канкурэнцыі можа пранікнуць і сёння ў Хрыстовы Касцёл. Аднак нам трэба памятаць, што ў Касцёле мы павінны шукаць не ўласнай славы, не сваёй улады і велічы, але нам трэба браць прыклад з Месіі, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але сам прыйшоў служыць. Езус як прыклад перад вучнямі ставіць дзіця. Цікава, што як на арамейскай мове, так і па-грэцку слова “дзіця” можа азначаць і слугу. У часы Езуса дзеці належалі да самых безабаронных слаёў насельніцтва. У іх дакладна не было ніякай моцы і велічы. Служэнне безабаронным і пакінутым робіць нас хрыстовымі. І калі мы не шукаем першага месца, а служым іншым, тады атрымліваем першынство ў Нябесным Валадарстве.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
