У той час:
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.
Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.
Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік.
Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.
Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя – апошнімі.
Каб лягчэй зразумець сэнс гэтага ўрыўка Евангелля, спачатку перавядзём меры часу эпохі Хрыста ў больш зразумелую для нас сістэму 24-х гадзін. Такім чынам, біблійная трэцяя гадзіна па сучасным гадзінніку будзе азначаць 9.00 гадзін. Шостая гадзіна ў Бібліі – гэта 12.00 гадзін сёння. І адпаведна дзявятая і адзінаццатая гадзіны – гэта 15.00 і 17.00 гадзін. Прыпавесць распавядае пра гаспадара дому, які наймае працаўнікоў на працу ў свой вінаграднік. З самымі першымі, нанятымі на світанні, ён дамаўляецца аб аплаце па дынару за дзень. Нанятым пазней, нават тым а 17.00 гадзіне, гаспадар абяцае справядлівую ўзнагароду. Увечары, калі настаў час заплаты, усе атрымалі пароўну, што выклікала незадавальненне першых. У прыпавесці Езус распавядае нам пра шчодрасць Бога, Які хоча збавіць усіх людзей. Гэты тэкст Евангелля можна аднесці да справы евангелізацыі народаў. Ізраэль быў першым, хто пачуў Добрую Навіну пра збаўленне. Аднак пазней праз місійную дзейнасць апосталаў і іх наступнікаў Евангелле стала абвяшчацца і язычнікам. З язычніцкіх народаў, якія прынялі хрысціянства, мы сёння ведаем шмат людзей, што адзначыліся святасцю і пабожнасцю і кананізаваныя Каталіцкім Касцёлам. Іншы сэнс прыпавесці заключаецца ў асабістым навяртанні кожнага чалавека. Ніколі не позна пайсці за Хрыстом. Нават у вечары свайго жыцця. Хтосьці сапраўды, з дзяцінства атрымаўшы рэлігійнае выхаванне, усё сваё жыццё верна трывае пры Хрысце і Яго навуцы. А камусьці такая ласка даецца ў дарослым узросце ці ў пажылым веку. Езус прагне дзяліцца сваёй узнагародай з кожным. Бо Ён – міласэрны Бог.
Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
