Разважанне на 24 звычайную нядзелю. Год А. 13 верасня

Сярэбраны рымскі дынар

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 18, 21–35

У той час:

Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў? Езус адказвае яму: Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.

Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугою, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: Аддай мне, што вінен. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.

Сабраты яго, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар ягоны паклікаў яго і сказаў: Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго мучыцелям, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца вашага не даруе брату свайму.

Кожны раз, калі мы адчуваем крыўду і нежаданне прабачыць іншаму чалавеку, нам варта прыгадаць сабе гэты ўрывак з Евангелля. Пётр задае Езусу важнае пытанне адносна прабачэння. Ці аж сем разоў трэба прабачыць? Цікава, што апостал ужывае лічбу сем, у той час, калі рабіністычная традыцыя ў Ізраэлі навучала аб патройным прабачэнні. Пётр бярэ з запасам. А што адказвае Езус? Ён навучае, што прабачаць трэба аж семдзесят сем разоў. Грэцкі варыянт тэксту “семдзесят сем” можна перакласці як “семдзесят разоў па сем”, што азначала б 490 разоў. Улюбым выпадку, які б варыянт перакладу мы не выбралі, становіцца зразумелым, што Езус гаворыць аб неабмежаваным прабачэнні. Тут ёсць адгалосак са Старога Запавету ў выказванні Ламеха, нашчадка Каіна, які гаворыць, што калі за Каіна трэба адпомсціць сем разоў, то за Ламеха – семдзесят сем разоў (пар. Быц 4,24). Але чаму Езус сцвярджае, што прабачэнне павінна быць бязмежным? Ён тлумачыць гэта ў прыпавесці пра караля і даўжніка. Каб зразумець гэты прыклад, спатрэбіцца крыху арыфметыкі. І так, даўжнік вінен каралю 10000 талантаў. Адзін талант – гэта 6000 дынараў. А адзін дынар – гэта сярэдні заробак за адзін дзень працы ў часы Хрыста. Выходзіць, што адзін талант – гэта заробак чалавека за шаснаццаць з паловай гадоў працы. А доўг даўжніка – 10000 талантаў. Гэта сума грошай, якую можа зарабіць працаўнік за 164000 гадоў. Людзі столькі не жывуць. Такі доўг сплаціць не рэальна. Аднак кароль прабачае гэты доўг даўжніку. На гэтым прыпавесць не заканчваецца. Даўжнік вымагае ў сваю чаргу ад іншага чалавека вярнуць яму 100 дынараў. Гэта ў 600000 разоў менш, чым вінаваты быў сам даўжнік каралю. Ён душыць яго і настойвае: “Аддай мне, што вінен”. Ці ж не падобныя часам мы да такога няўдзячнага даўжніка, якому Бог прабачыў нерэальна вялікі доўг, а самі гатовыя вытрасці душу з тых, хто нам вінаваты? Бог бязмежны ў міласэрнасці і ад нас чакае таго ж.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі