Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.
Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.
І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
У Евангеллі мы бачым апісанне з’яўлення Езуса сваім вучням. Страх панаваў паміж імі, дзверы ў дом былі замкнёныя. Аднак, калі з’явіўся ўваскрослы Езус, усё кардынальна змянілася: з’явіліся супакой і радасць. Настаўнік жывы! Юдэі раней прасілі Яго: Які знак нам дасі? Што Ты нам пакажаш? Езус паказвае свае раны ад укрыжавання. Гэта тыя знакі, якія сведчаць пра Яго гарачую любоў да чалавека і пра Яго неўміручасць. Аднак важнае таксама і тое, што радасць уваскрасення і супакой наступаюць пасля ўкрыжавання. Яны праходзяць праз крыж. Без крыжа няма ўваскрасенння.
У размове з вучнямі Езус пасылае іх на ўвесь свет. Місійны характар Касцёла строга звязаны з наказам Хрыста. Касцёл не можа быць іншы. Прапаведаванне Евангелля ўсім – гэта асноўнае заданне апосталаў і іх наступнікаў. Важнымі словамі Хрыста з’яўляецца Яго выказванне пра адпушчэнне грахоў. Гэты тэкст Паўсюдны Сабор у Трыдэнце (1545-1563 гг.) прыводзіць як біблійнае абгрунтаванне сакраманту споведзі. Сапраўды, у наш час многія могуць задацца пытаннем: чаму неабходная споведзь? Чаму спавядацца трэба менавіта святарам? Чаму недастаткова проста прабачыць самому сабе ў думках? Адказ на гэтыя пытанні крыецца якраз у сённяшнім Евангеллі. Сам Езус устанавіў сакрамант споведзі і прагне нашага асабістага навяртання ў пакоры. Таму што толькі пакорны чалавек можа прызнацца ў сваіх грахах і памылках.
Напрыканцы Евангелля мы даведваемся, што апостал Тамаш, дакранаючыся да Яго ранаў, таксама пачынае верыць у Хрыста. Гэта той самы Езус, Які быў укрыжаваны! Пра гэта сведчаць раны на Яго целе! Аўтар натхнёна далей падводзіць агульную думку: Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае. Евангелле неабходна чытаць і разважаць, таму што праз гэта можна сустрэць уваскрослага Хрыста, веруючы ў Якога атрымаем вечнае жыццё.
Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
