У той час:
Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, Ён асобна адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца, а натоўпы людзей, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў. Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў вялікі натоўп людзей, і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.
Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: Пустыннае месца гэтае і гадзіна ўжо позняя; адпусці народ, каб яны пайшлі ў вёскі і купілі ежы сабе. Езус сказаў ім: Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці.
Яны ж кажуць яму: У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбы. Ён сказаў: Прынясіце іх Мне сюды.
Пасля Ён загадаў народу сесці на траву, узяў пяць хлябоў і дзве рыбы, паглядзеў на неба, благаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні – народу. І елі ўсе і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў. А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.
Урывак з Евангелля распавядае нам пра размнажэнне ежы для галоднага натоўпу. Гэта адбылося ў раёне Галілейскага мора. Езус з вучнямі часта на ім бываў. Прычына гэтага была вельмі простай: дасягнуць мэты свайго падарожжа на іншым беразе можна было хутчэй, выкарыстаўшы рыбацкую лодку, чым ідучы ўздоўж берага. З прачытанага Евангелля мы даведваемся, што натоўп людзей спяшаўся на другі бераг, каб сустрэць там Хрыста. Пакуль адбываліся гэтыя падзеі, ужо звечарэла. Езус зжаліўся над галоднымі людзьмі і размножыў ежу, каб іх накарміць.
Размнажэнне ежы – гэта цуд, які і раней мы сустракаем у Бібліі на старонках Старога Запавету. Напрыклад, дар нябеснай манны, дзякуючы якому ізраэльскі народ выжыў у пустыні. Цуд, які ўчыніў прарок Ілля, калі зрабіў так, што ежа не заканчвалася ў доме ўдавы ў Сарэпце Сідонскай. Вучань Іллі прарок Елісей размножыў дваццаць хлябоў для сотні чалавек. Аднак размнажэнне Езусам хлеба для галодных людзей адсылае нас не толькі да Старога Запавету, але і да Сакраманту Эўхарыстыі.
Ёсць агульныя рысы ў апісанні размнажэння ежы ля Галілейскага мора і Апошняй Вячэры. Па-першае, абедзьве гэтыя падзеі адбыліся вечарам, па-другое, Езус у гэтых падзеях паводзіць сябе як гаспадар дому: запрашае прысутных утульна ўладкавацца і бласлаўляе ежу. Па-трэцяе, Ён раздае яе Сваім вучням. Эўхарыстыя паходзіць ад Хрыста і праз Яго вучняў удзяляецца ўсім іншым людзям. Бачная шчодрасць Бога, Які не скупіцца на свае дары. Засталося дванаццаць кашоў ежы, хоць натоўп складаў пяць тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей. Размнажэнне ежы ля Галілейскага мора апярэджвае ўстанаўленне Сакраманту Эўхарыстыі падчас Апошняй Вячэры і ўказвае на яго.
Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
