ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 13, 44–52
У той час:
Езус сказаў народу: Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.
Валадарства Нябеснае падобнае таксама да закінутага ў мора нерата, што збірае рыбу ўсялякага віду. Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў посуд, а дрэннае выкінулі вон. Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць анёлы, і аддзеляць ліхіх ад праведнікаў, і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны адказалі Яму: «Так». Ён жа сказаў ім: «Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое».
Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу… Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін… Гэтыя словы Езуса прыгадваюць нам, што да Божага Валадарства трэба ставіцца як да нечага вельмі каштоўнага. Божае навучанне, Касцёл, сакраманты – гэта не проста адзін з некалькіх фрагментаў грамадскага жыцця. Гэта скарб, гэта пярліна, вялікая каштоўнасць, якой трэба даражыць, шукаць і, знайшоўшы, клапаціцца, каб гэты скарб не прапаў.
Апосталы пакінулі ўсё і пайшлі за Хрыстом. Яны зразумелі, што Езус – гэта скарб. Аднак Месію слухалі натоўпы. Ці ўсе пайшлі за Ім? Ведаем, што не. У гэтым заключаецца свабода выбару. Бог не змушае нас быць з Ім. Ён толькі прапануе, Ён расказвае, Ён запрашае.
Вельмі вымоўны вобраз рыбнай лоўлі з трэцяй сённяшняй прыпавесці. У часы Хрыста на Галілейскім возеры рыбу лавілі не вудачкай. Часцей за ўсё выкарысоўвалі такі спосаб: плылі дзве вялікія лодкі, паміж якімі нацягвалася сетка і апускалася ў ваду. Гэта дазваляла лавіць рыбу ў прамысловых маштабах, каб яе можна было пазней прадаць і атрымаць прыбытак. Аднак такі спосаб азначаў, што ў сетку можа трапіць усё, што заўгодна: і рыба каштоўная, і нявартая продажу. Такі вобраз у прыпавесці Езус выкарыстоўвае, каб падкрэсліць яшчэ адну важную рысу Нябеснага Валадарства: да яго неабходна быць падрыхтаваным. У Божае Валадарства не патрапяць людзі, якім яно не патрэбнае і якія шукаюць шчасця не ў Богу, а ў часовых зямных задавальненнях.
Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
