Разважанне на 13 звычайную нядзелю. Год В. 27 чэрвеня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 5, 21–24. 35b–43

У той час:

Калі Езус ізноў пераправіўся ў чаўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. І вось прыходзіць адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Яго, падае да Ягоных ног і моцна просіць Яго, кажучы: Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла. І пайшоў з ім Езус. А вялікі натоўп ішоў за Ім, і ціснуліся да Яго.

І прыходзяць ад кіраўніка сінагогі і кажуць: Дачка твая памерла, чаго ты яшчэ турбуеш Настаўніка? Але Езус, пачуўшы сказаныя словы, кажа кіраўніку сінагогі: Не бойся, толькі вер! І не дазволіў нікому ісці за сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. І прыходзіць у дом кіраўніка сінагогі. І бачыць Ён мітусню, плач і вялікае галашэнне. І, увайшоўшы, кажа ім: Чаго мітусіцеся і плачаце, дзіцё не памерла, але спіць. І смяяліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, бярэ з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з імі, і ўваходзіць туды, дзе было дзіцё. І, узяўшы дзіцё за руку, кажа ёй: Таліта, кум! — што значыць: дзяўчынка, табе кажу, устань! І адразу ж устала дзяўчынка і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі ў вялікім здзіўленні. А Ён сурова загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў, каб далі ёй есці.

Евангеліст Марк у адным урыўку падае нам апісанне адразу двух цудаў. Першы — гэта аздараўленне хворай на крывацёк жанчыны, а другі – гэта ўваскрашэнне дачкі Яіра. Ёсць сувязь паміж гэтымі здарэннямі. Жанчына пакутавала на хваробу 12 год, і ўзрост дзяўчынкі, што памерла быў таксама 12 год. Марк увязвае гэтыя два цуды ў адно апавяданне, каб паказаць, што Езус з’яўляецца Валадаром жыцця. Ён сам ёсць жыццё. Жанчына жыла ў жахлівым стане. Па старажытнаму закону, той у каго быў крывацёк, лічыўся нячыстым. Лічылася, што ў крыві знаходзіцца жыццё, таму яе праліванне рабіла чалавека недастойным Божай прысутнасці. Такім людзям забаронена было прымаць удзел у Божым кульце і забаронена было дакранацца да іншых, каб не зрабіць іх нячыстымі. Жанчына парушае гэты закон, таму што адзіную надзею мае толькі ў Хрысце. Больш ніхто на свеце не можа ёй дапамагчы. І таму яна такая збянтэжаная ад страху, калі Езус пытаецца: “Хто дакрануўся да мяне?” Але яе дотык адрозніваецца ад дотыкаў іншых людзей. Яе дотык характарызуецца верай. Яна верыць у тое, што Езус можа даць ёй аздараўленне.

Уваскрашэнне дачкі кіраўніка сінагогі мае духоўны сэнс для нас. Св. Аўгусцін кажа, што памерлая дзяўчынка сімвалізуе стан чалавека, які толькі пачынае знаёмства з грахом. Грэх – гэта смерць. Дзяўчынка ляжыць дома, унутры родных сцен і пра яе смерць ведае абмежаваная колькасць людзей. І наш шлях у кірунку смерці пачаўся тады, калі мы ў глыбіні сваёй душы далі згоду на грэх. Пра наш стан ніхто не ведае, толькі мы. Аднак ён ужо пазбаўляе нас жыцця. І таксама як і ў выпадку з хворай жанчынай, адзінай надзеяй чалавека ёсць Езус. Ён не хоча мірыцца з нашымі паразамі. Ён наадварот хоча, каб мы турбавалі Яго нашымі праблемамі. Каб прыходзілі да Яго, размаўлялі, прасілі і дзякавалі. “Дзяўчынка памерла, не турбуй Настаўніка”, — кажуць у Евангеллі людзі. Аднак, Езус не звяртае ўвагі на гэтыя рэмаркі. Ён ідзе туды, дзе людская бяда і людскі боль. Бо Ён — Эммануэль — Бог-з-намі.

Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку