Разважанне на 11 звычайную нядзелю. Год В. 13 чэрвеня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 4, 26–34

У той час:

Езус сказаў народу: Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. І спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. Бо зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.

І казаў: З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно — як гарчычнае зерне: калі яго сеюць ў зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, і пускае вялікае галлё, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.

У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. І без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.

Евангелле ў гэтым урыўку распавядае нам пра істоту Божага Валадарства. Яно мае свае адметныя рысы. Найперш, заўважаем, што Божае Валадарства само ў сабе мае таемную ўкрытую моц. Так, Бог сапраўды кліча сабе ў супрацоўнікі чалавека. Ён сапраўды хоча, каб мы былі Яго нагамі, Яго рукамі, Яго вачыма тут на зямлі. Аднак, напэўна ведаем, што толькі сам Бог з’яўляецца аўтарам нашага збаўлення. Мы ўсяго толькі няўмелыя слугі, якія спрабуем выканаць Божую волю. Калі мы хочам быць місіянерамі ХХІ стагоддзя нам неабходна памятаць пра пакору. Гэта не мае малітвы будуюць Божае Валадарства, гэта не дзякуючы маім дабрадзейнасцям расце і развіваецца Касцёл. Сам Бог дае сілу свайму Валадарству. І як бачым з Евангелля, яно мае агромністы патэнцыял. Зрэшты, гэта лёгка заўважыць, калі прааналізуем гісторыю хрысціянства. Валадарства Добрай Весткі мела свой пачатак у 12-ці апосталах. Той пачатак Валадарства быў больш чым сціплы. А сёння Каталіцкі Касцёл налічвае мільярд трыста мільёнаў католікаў па ўсім свеце. Ці ж гэта не доказ на тое, што Езус меў рацыю, калі казаў пра гарчычнае зерне ў кантэксце Божага Валадарства? Падзякуем Богу, што дае нам магчымасць жыць у такія часы: бачыць веліч і прыгажосць Каталіцкага Касцёла. Нам часам можа здавацца, што выпрабаванні, якія выпалі на долю Касцёла ў ХХІ стагоддзі занадта цяжкія. Аднак, мне здаецца, тым 12-ці, якія пайшлі нязведанымі дарогамі на ўвесь свет, несучы праўду пра Хрыста, было куды цяжэй. Няхай магутнае заступніцтва святых апосталаў спадарожнічае і нам на нашым шляху да неба.

Разважанні падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку