Разважанне на 10 звычайную нядзелю. Год В. 6 чэрвеня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 3, 20–35

У той час:

Езус з вучнямі прыйшоў у дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават хлеба паесці. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбуба і выганяе дэманаў праз князя дэманаў.

А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана выганяць сатану?

Калі валадарства раздзеліцца само ў сабе, не можа выстаяць такое валадарства.  І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка, і толькі тады абрабуе дом ягоны. Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню.

Так сказаў, бо гаварылі пра Яго: Ён мае нячыстага духа.

І прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Сядзеў каля Яго натоўп і казаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе.

І сказаў ім у адказ: Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці.

Грэх супраць Духа Святога – гэта грэх, які не будзе прабачаны Богам. Чаму так? Мы верым у тое, што Божая міласэрнасць не мае межаў. І Касцёл заўсёды пра гэта нагадвае і навучае. Аднак, як бачым, у сённяшнім Евангеллі Езус дае такую перасцярогу: “Хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню.” Святы Ян Павел ІІ у энцыкліцы Dominum et vivificantem, 46 падкрэслівае, што грэх супраць Духа Святога палягае не толькі на абразе Духа Святога на словах. Гэты грэх прадугледжвае пастаянную паставу адкідання Божай міласэрнасці, калі чалавек выбірае жыццё без пакаяння і не просіць аб прабачэнні. Такое свядомае трыванне ў грахах і азначае абразу Духа Святога, якая не можа быць прабачана, бо чалавек не хоча гэтага прабачэння. А Бог, як мы добра ведаем, нікога прымусам не збаўляе і сілком у неба не заганяе.

Асаблівая подласць злога духа заключаецца ў тым, што ён жадае ўсё перавярнуць з ног на галаву, каб заблытаць чалавека. Таму ён стараецца называць добрае кепскім, а кепскае добрым. Калі мы адкрыем першую кнігу Бібліі – кнігу Быцця — , то ўжо там прачытаем пра падманлівы дыялог паміж змеем і першымі людзьмі. Злы дух спрабуе пераканаць чалавека, што Бог на самой справе не добры і падманвае людзей. Таму і нам хрысціянам сучаснасці трэба мець чуйны розум і сэрца, каб адрозніваць голас свету, голас д’ябла і голас Духа Святога. Каб не заблытацца ў духоўным жыцці, варта прытрымлівацца наступных крытэрыяў: пакора і паслухмянасць Касцёлу, цнатлівае жыццё і чыстае сэрца. Гэта і азначае тое радство з Богам, пра якое кажа Езус: “Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці.”

Разважанні падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч

для друку для друку