Разважанне айца езуіта на V звычайную нядзелю. Год А

Евангелле Мц 5, 13–16

У той час

Езус сказаў сваім вучням: Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.

Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы свяцільнік, не ставяць яго пад пасудзінаю, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.

Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.

Каб свет не сапсаваўся

Аднойчы я стаяў у чарзе ў супермаркеце за чалавекам, які купляў васямнаццаць гатункаў солі. Ружовую, чорную, вэнджаную, з труфелем, з вугалем. Касірка глядзела на яго з тым асаблівым выразам твару, які звычайна рэзервуецца для назірання за прадстаўнікамі выміраючых відаў. «Гэта для калекцыі?» – асцярожна спытала яна. «Для свядомага спажывання», – адказаў пакупнік з сур’ёзнасцю чалавека, які абмяркоўвае квантавую фізіку.

Вось яна, наша эпоха: самы звычайны кансервант ператварыўся ў прадмет эстэтычнага культу, у маркер прыналежнасці да адукаванага класа. Соль перастала быць тым, чым была тысячагоддзямі – умовай выжывання, – і стала сімптомам. Сімптомам грамадства, якое забылася, навошта патрэбны рэчы, і памятае толькі, як яны выглядаюць на фотаздымках.

А тым часам, калі Хрыстус два тысячагоддзі таму сказаў сваім вучням «Вы — соль зямлі», Ён казаў не пра калекцыянаванне і не пра ўсвядомленае спажыванне. Ён казаў пра жыццё і смерць. Літаральна.

Антрапалогія гніення

У гарачым клімаце Палестыны першага стагоддзя соль была мяжой паміж цывілізацыяй і хаосам. Рыба без солі ператваралася ў біялагічную катастрофу за некалькі гадзін. Мяса пачынала раскладацца перш, чым яго паспявалі прыгатаваць. Соль не ўпрыгожвала ежу – яна рабіла магчымым само існаванне грамадства, дзе людзі не паміралі ад харчовых атручванняў кожны тыдзень.

Калі Хрыстус выкарыстоўвае гэтую метафару, Ён не займаецца паэтычнымі ўпрыгожваннямі. Ён прапануе радыкальную сацыяльную антрапалогію: чалавечае грамадства мае натуральную схільнасць да маральнага распаду. Не да эвалюцыі ў бок прагрэсу, не да натуральнага ўдасканалення, а да гніення. І толькі прысутнасць пэўных людзей – тых, каго Ён называе соллю, – спыняе гэты працэс.

Гэта глыбока контркультурнае сцвярджэнне для нашага часу, дзе пануе аптымістычная вера ў тое, што гісторыя сама сабой рухаецца да лепшага, што чалавецтва абавязкова навучыцца быць добрым, калі толькі створыць правільныя інстытуты і рэалізуе правільныя адукацыйныя праграмы. Хрыстус глядзіць на гэтую наіўную асвету і кажа: не. Без солі ўсё пратухне. Заўсёды пратухала, заўсёды будзе пратухаць.

Непрыметная арыстакратыя духу

Цікава, што соль дзейнічае непрыметна. Яна раствараецца, знікае, становіцца нябачнай – і менавіта так выконвае сваю функцыю. Ніхто не есць соль асобна. Ніхто не арганізуе парадаў у гонар солі. Яна проста прысутнічае, насычае, захоўвае.

Настаўнік, які не маніпулюе адзнакамі дзеля паказчыкаў. Лекар, які адмаўляецца ад «падзякі» ў канверце. Чыноўнік, які не крадзе, таму што «ўсе крадуць». Журналіст, які не публікуе неправераную сенсацыю дзеля клікаў. Сусед, які не ўдзельнічае ў калектыўным цкаванні непажаданага жыхара.

Ніякіх фанфар. Ніякіх узнагарод. Часта – ніякага прызнання наогул. Проста ціхая, упартая, штодзённая прысутнасць прыстойнасці там, дзе лягчэй было б адмовіцца ад яе. Гэта і ёсць соль. Непрыметная арыстакратыя духу, якая трымае свет на плаву не гучнымі жэстамі, а сталасцю вернасці ў малым.

Бяда ў тым, што соль можа страціць моц. У старажытным свеце, калі соль змешвалася з прымешкамі і пераставала кансерваваць, яе сапраўды выкідвалі на дарогі – літаральна «на патаптанне людзям». Метафара жорсткая, але дакладная. Калі хрысціяне не адрозніваюцца ад навакольнага свету – тая ж карупцыя, той жа цынізм, тая ж хлусня «дзеля справы», тая ж жорсткасць да слабых, – яны губляюць тое, дзеля чаго патрэбна іх прысутнасць. Яны становяцца бескарыснымі.

Гісторыя ведае цэлыя рэгіёны, дзе хрысціянства калісьці квітнела – Паўночная Афрыка Аўгустына, Малая Азія сямі Касцёлаў Апакаліпсісу, – а потым знікла. Не імгненна, не толькі ад ганенняў. З-за складанага спалучэння: унутраных расколаў, аслаблення веры, а потым ісламскага заваявання з яго паступовым ціскам. Соль страціла сілу – і свет растаптаў яе.

Горад на ўзгорку і праблема бачнасці

Але Хрыстус не спыняецца на солі. Ён дадае другую метафару, амаль супрацьлеглую першай: «Вы – святло свету». І тут мы сутыкаемся з парадоксам.

Соль незаўважная. Святло, наадварот, бачна ўсім. «Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары». Горад на ўзгорку бачны за кіламетры. Свечка на падсвечніку асвятляе ўсю хату. Гэта ўжо не ціхая прысутнасць – гэта маніфестацыя, публічнае сведчанне, бачная альтэрнатыва.

Ісая сёння канкрэтызуе: «Дзяліся з галодным хлебам сваім, апрані голага – тады заззяе, як золак, святло тваё». Справы міласэрнасці – гэта святло. Тое, што нельга схаваць. Тое, што бачаць усе.

Але святло – гэта не толькі сацыяльнае служэнне. Гэта ўсялякае бачнае сведчанне аб Хрысце. Мучанікі, якія адмаўляюцца прынесці ахвяру імператару на перапоўненай плошчы. Прапаведнікі, якія гавораць праўду там, дзе ўсе маўчаць. Муж і жонка, якія захоўваюць вернасць у культуры разводаў. Бацькі, якія нараджаюць дзяцей у грамадстве, якое называе гэта «безадказнасцю». Усё гэта – святло, якое свеціць «перад людзьмі», каб яны бачылі і… што? Праслаўлялі нас? Не. «Праслаўлялі Айца вашага Нябеснага».

Нашы ўчынкі павінны быць вокнамі, а не сэлфі. Праз іх іншыя бачаць не нас, а Таго, Хто за намі.

Крызіс падзелу

Праблема ўзнікае, калі соль і святло раздзяляюцца.

«Соль без святла» – гэта хрысціянства прыватызаванае, нябачнае, сарамлівае. Людзі, якія, можа быць, сумленныя ў асабістым жыцці, але абсалютна нераспазнавальныя як хрысціяне. Вера як прыватнае хобі, якое не прынята абмяркоўваць у прыстойным грамадстве, – дзесьці паміж каллекцыянаваннем марак і захапленнем ёгай. Ніводнага публічнага сведчання. Ніводнага слова пра Хрыста. Соль, закапаная ў зямлю.

«Святло без солі» – гэта, наадварот, хрысціянства актывісцкае, шумнае, занятае праектамі і акцыямі, але без глыбіні, без рэальнай змены грамадства знутры, а часам у поўнай згодзе з ім. Павел сёння папярэджвае карынцянаў: калі наша пропаведзь – гэта толькі «пераканаўчыя словы чалавечай мудрасці», а не «выяўленне духу і сілы», яна будзе марнай. Можна арганізаваць тысячу дабрачынных мерапрыемстваў, раздаць тоны гуманітарнай дапамогі, арганізаваць маршы і флэшмобы – і пры гэтым не запярэчыць маральнаму раскладанню грамадства ні на ёту. Калі за ўсім гэтым няма Хрыста ўкрыжаванага — гэта проста чалавечы энтузіязм з рэлігійнай шыльдай.

Сапраўднае хрысціянства – калі соль сустракае святло. Калі незаўважаная прысутнасць злучаецца з бачным сведчаннем. Калі ціхая сумленнасць на працы не выключае гатоўнасці назваць сябе хрысціянінам, калі публічныя справы міласэрнасці вырастаюць з глыбокай унутранай вернасці Хрысту ў малым.

Пытанне да сябе

Такім чынам, застаецца толькі задаць сабе шчырае пытанне – пытанне, якое варта задаваць рэгулярна, магчыма, кожную нядзелю.

Дзе я – соль? У якой канкрэтнай сітуацыі мая сумленнасць, вернасць, дабрыня ціха захоўваюць кавалачак свету ад гніення? Магчыма, гэта маё працоўнае месца, дзе я адмаўляюся ўдзельнічаць у звыклых махінацыях. Магчыма, гэта мая сям’я, дзе я захоўваю вернасць насуперак спакусам. Магчыма, гэта маё сацыяльнае асяроддзе, дзе я не ўдзельнічаю ў плётках і асуджэнні.

А дзе я – святло? Дзе мая прысутнасць як хрысціяніна бачна і адкрыта паказвае на Хрыста? Магчыма, мне трэба дадаць святла – дапамагчы таму, хто побач, назваць сябе хрысціянінам там, дзе я маўчаў з-за страху або з ілжывай далікатнасці.

Таму што, у рэшце рэшт, свет не збавіць сябе сам. Ён не мае ўбудаванага механізму самаачышчэння. У гісторыі няма аўтапілота, накіраванага на дабро. Ёсць толькі Бог і мы   – часцінкі Яго солі, рассеяныя па тканіне грамадства. Ягоныя лямпы ў сваіх кутах. Разам – як Касцёл, як горад на гары.

І кожны з нас патрэбны Богу на сваім месцы. Асабліва з нашай гімалайскай соллю і свядомым спажываннем. Таму што менавіта ў гэтым недарэчным, супярэчлівым, смешным свеце, які забыўся, навошта патрэбна соль, нам і трэба ёю быць.

Каб свет не сапсаваўся цалкам.

Разважанне падрыхтаваў а. Міхаіл Ткаліч SJ

для друку для друку