Разважанне на 14 звычайную нядзелю. Год А. 5 ліпеня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 11, 25–30

У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан  неба  і  зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.

Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.

У Евангеллі Езус звяртаецца да Айца, называючы яго арамейскім словам “Абба”, што значыць “Тата”. Сын Божы прыходзіць у гэты свет, каб адкрыць нам праўду пра тое, што Бог – гэта не суддзя, які судзіць, не менеджар, які кіруе, не настаўнік, які павучае. Бог – гэта наш нябесны Тата, Які поўны любові да свайго стварэння. Езус таксама ўзгадвае пра мудрасць, пра таямнічыя веды, што схаваныя ад разумных і адкрытыя дзецям. Што Ён мае на ўвазе? Перш за ўсё Ён гаворыць пра пазнанне сэрцам, пра адкрытасць на Божую ласку. Каб пазнаваць Бога, неабавязкова мець навуковую ступень у тэалогіі і быць аўтарам акадэмічных трактатаў. Божая ласка дзейнічае ў сэрцы чалавека. Калі чалавек адкрываецца на яе, то гэта прыводзіць да выдатных падзеяў у яго жыцці. Таямніца Боскага жыцця Святой Тройцы схавана ад людскога вока, і ніхто не можа яго спасцігнуць людскім спосабам пазнання. Толькі Сын ведае Айца і толькі Айцец ведае Сына. Але калі ў чалавека ёсць жаданне станавіцца Хрыстовым, ператварацца ў Хрыста, то і пазнанне Бога Айца становіцца нечым рэальным і магчымым.

У Евангеллі Езус заахвочвае нас прыйсці да Яго па палёгку. Усе спрацаваныя і абцяжараныя могуць знайсці ў ім адпачынак і асалоду. Езус нас запрашае да Сябе. Усё вельмі проста. Мы маем запрашэнне ад Бога. Трэба толькі адказаць на яго сваёй згодай. Але як Езус прапануе нам палегчыць наш цяжар? Ён кажа: “Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне”. Замест людскога цяжару трэба ўзяць цяжар ад Хрыста. Што гэта за цяжар? Гэта цяжар Хрыстовага вучнёўства: быць чалавекам, які прагне жыць Хрыстом, жыць так, як Хрыстус жыў. Ніякія зямныя складанасці і праблемы не страшныя, калі я жыву ў Хрысце. Бо Ягонае ярмо любае і цяжар Ягоны лёгкі.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку