Акцыя, якую ініцыяваў міхаліцкі двухмесячнік “Хто ж як Бог” па зборы рэлігійных рэчаў з выявай св. Міхала Арханёла для ўкраінскіх воінаў, атрымала надзвычайны рэзананс.
— Усё пачалося з таго, што нам на фан-старонцы напісала Марцэліна — дзяўчына з Украіны. Яна валанцёр на пункце падрыхтоўкі пасылак для салдат у адным з гарадоў Цярнопальскай вобласці. Я не хачу ўказваць дакладнае месцазнаходжанне з меркаванняў бяспекі. Пакуючы пакеты з валанцёрамі, мы дадалі туды ружанцы разам з тэкстам Пампейскай навэнны. Жаўнеры вельмі ўзрадаваліся такому падарунку, але дэвацыяналіі хутка скончыліся – тлумачыць Караліна Зарэмба, якая каардынуе акцыю, у інтэрв’ю Aleteia Polska.
Марцэліна, якая раней ведала святара-міхаліта Станіслава Жале, які раней служыў ва Украіне, а цяпер ужо адышоў да Пана, вырашыла звярнуцца да польскай кангрэгацыі айцоў міхалітаў, апякун якой – св. Арханёл Міхал — таксама заступнік Кіева і ўсёй Украіны. Першапачаткова рэдакцыя міхаліцкага часопіса планавала перадаць пэўную колькасць рэлігійных рэчаў з уласных сродкаў. Галоўны рэдактар «Хто ж як Бог» кс. Пётр Прусакевіч CSMA, аднак, выступіў з ідэяй уключыць чытачоў у збор сродкаў. Яго эфект перасягнуў усе чаканні.
— Напачатку мы меркавалі, што можам даслаць 100 ружанцаў і медалікаў з выявай св. Міхала, плюс абразкі. На дадзены момант мы сабралі іх больш за 10 000! Ёсць людзі, якія заказваюць цэлыя пакеты ў аптавікоў наўпрост з дастаўкай у рэдакцыю. Але ёсць і, напрыклад, маладыя людзі, якія, маючы дома 2-3 ружанцы, вырашаюць прапанаваць адзін з іх. На дадзены момант мы арыентуемся ў першую чаргу на пошук транспарту для гэтых падарункаў, таму што мы хацелі б, акрамя прадметаў малітвы, забяспечыць прадметы першай неабходнасці. Мы таксама дакладна ведаем, што адным транспартам гэта не скончыцца, — дадае Зарэмба.
Апошнімі днямі да Марцэліны звярнуўся адзін з біскупаў дыяцэзіі, які папрасіў дапамогі ў зборы дэвацыяналій таксама для «сваіх» жаўнераў. Гэтая дастаўка будзе настолькі складанай, наколькі вельмі неабходнай, бо цяпер у той дыяцэзіі ідуць жорсткія баі з расійскімі агрэсарамі.
— Спачатку мы хваляваліся, ці захочуць грэка-каталіцкія і праваслаўныя жаўнеры карыстацца «нашымі» прадметамі набажэнства. Вера ў адзінага Бога і магутнае заступніцтва Яго пасланца св. Міхала, аднак, звязвае ўсіх нас. Прадстаўнік духавенства, які дапамагаў на пункце Марцэліны, сказаў, што да яго прыходзілі салдаты ўсіх абрадаў і што ён яшчэ не бачыў сярод іх атэіста. Да таго ж не толькі байцам патрэбныя такія прадметы. Жонкі і дзеці, якія застаюцца ў сваіх дамах, горача моляцца за іх бяспечнае вяртанне і выратаванне радзімы, — рэзюмуе каардынатар.
Пераклад Марыны Сінкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


