26 красавіка 2025 года ў Маладзечне былы гулец мінскага МТЗ-РIПА і слонімскага «Камунальніка» Сяргей Гусар прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Bet News шчыра паразмазмаўляў з братам Сяргеем, многія былыя аднаклубнікі якога яшчэ працягваюць выступленні, пра футбол, ягоны жыццёвы шлях і шлях да Бога.
— Брат Сяргей, калі ўвогуле ў ваша жыццё прыйшоў футбол?
— Напэўна, калі мне было 5-6 гадоў. Мой тата працаваў дзіцячым трэнерам у маім родным Слоніме ў спартыўнай школе ў Альбярціне і ўжо пасля садка падключаў нас, малых, да трэніровак са старэйшымі дзецьмі. Мяне ўжо тады гэта падкупіла, бо футбол — такая прыгожая супольнасць. Ды і дзяцінства ў мяне было яшчэ без інтэрнэту, без тэлефонаў, таму малымі праводзілі ўвесь вольны час на вуліцы. А каля майго дома было футбольнае поле. Таму мы з іншымі дзецьмі ўлетку з ранку да цямна там гулялі. Пачало нешта атрымоўвацца ў гэтай гульні — так вось і пайшло…
— Але ўсё ж асноўную ролю ў тым, што вы сталі спартсмэнам, адыграў менавіта ваш тата?
— Так, вядома. Тым больш я яшчэ памятаю, як бацька сам гуляў у футбол, і, калі мне было гадоў 8, ён нават браў з сабой на выезды. Каманда, здаецца, называлася «Гидротехник», і яна гуляла ў чэмпіянаце Гродзенскай вобласці. Тата нават адзін раз стаў лепшым бамбардзірам таго чэмпіяната. На прафесійны футбольны ўзровень ён так і не выйшаў, але на аматарскім гуляў топава.
— Але адзін з ягоных сыноў усё ж такі стаў прафесійным футбалістам…
— Так. Да 15 гадоў я займаўся футболам ў Слоніме, а потым мяне запрасілі ў мінскі МТЗ-РІПА.
— Пасля МТЗ-РІПА вы вярнуліся у родны Слонім і пачалі гуляць за мясцовы «Камунальнік».
— Так, пасля «Хрустального мяча» ў другую каманду МТЗ-РІПА, якая гуляла тады ў другой лізе, я не прайшоў і вярнуўся дадому ў Слонім. І хоць мой тата тады працаваў у структуры слонімскага клуба, у меня быў прагляд. Прайшоў. І пачаў гуляць за «Камунальнік». Правёў там у першай лізе чатыры гады і потым яшчэ быў у другой.
— Вось сітуацыя: вы віцэ-капітан каманды з роднага горада, амаль як рок-стар, гуляеце вы таксама някепска для ўзроўню першай лігі, ёсць перспектыва росту. І тут у 24 гады вы раптам завяршаеце спартовую кар’еру. Як так сталася?
— Ведаеш, гэта, напэўна, звязана з гісторыяй майго паклікання да жыцця святарскага, жыцця манаскага. Такая гісторыя: у МТЗ-РІПА ў мяне, будзем шчырымі, не атрымалася сябе рэалізаваць. І я паставіў сабе мэту даказаць, што, мабыць, у Мінску не мелі рацыі, што я, па іх меркаванні, недастаткова добры футбаліст. Хацеў даказаць перш за ўсё самому сабе, а таксама трэнерам, якія ў мяне не верылі — што я нешта магу на полі. І пару добрых футбольных гадоў у Слоніме у мяне ўсё ж атрымалася.
І калі я ўсім даказаў, што ўсё ж неяк умею гуляць у футбол, па заканчэнні сезону 2012 года ў меня ўнутры з’явілася нейкая пустата. Быццам, я прыйшоў у футбол, але шчасця там не знайшоў. І адным з маіх асабістых пакліканняў да святарства было пытанне — а што такое сапраўднае шчасце? Таму прычынай, што я так рана завяршыў спартовую кар’еру, было тое, што я не знайшоў шчасця ў футболе.
— У футболе вам сустракаліся яшчэ дастаткова веруючыя гульцы?
— Ведаеш, цікавае пытанне. Насамрэч ужо шмат часу прайшло. Ёсць такі ксендз Артур Малафей, ён таксама родам са Слоніма, служыць у Гродне. І вось ён арганізоўваў у Слоніме футбольны турнір памяці Яна Паўла Другога. І на першы турнір тады прыехаў Дзіма Кавалёнак з «Нёмана». І вось тады мяне, яшчэ зусім маладога футбаліста, гэта ўразіла — што такі праймавы на той час футбаліст чэмпіяната Беларусі прыехаў на турнір пры касцёле ў Слоніме. Тады ў мяне, пэўна, з’явілася прыгожае пытанне пра веру — што можна адначасова і быць такім моцным футбалістам, і верыць у Бога.
Але ў адной камандзе з сабой, пэўна, такіх ужо глыбокіх вернікаў не сустракаў. Хаця ў «Камунальніку» была традыцыя, што перад кожным сезонам мы ехалі ў Жыровічы на малебен, і нейкі релігійны аспект там быў. Паказухай я гэта ніяк не назаву. Нешта релігійнае ў многіх маіх аднаклубнікаў было адназначна.
— Зараз вы сочыце за беларускім футболам?
— Зараз больш цікаўлюся замежным футболам, «Барселонай» там, «Манчэстэр Юнайтэд». А ў Беларусі ў асноўным цікаўлюся справамі хлопцаў, з якімі сам гуляў. Той жа Ягор Зубовіч нядаўна забіў у фінале Кубка Беларусі, малайчына. Але ж ад беларускага футбола я ўсё ж крышачку адыйшоў. Не асабліва нават і ведаю, хто ў нашай зборнай цяпер гуляе.
— Вы зараз служыце і жывеце ў Маладзечне. Можа, крышачку сочыце за мясцовым клубам? Часам не клікала да сябе мясцовая каманда, у якой не вельмі добрыя справы футбольныя?
— Там працуе прэс-сакратаром такі глыбока веруючы католік Павел Малашка. Ён нават футбольным фанатам быў і прыязджаў у Слонім падтрымаць свой клуб, калі я яшчэ гуляў за «Камунальнік». І ўжо тады па касцёлу мы ведалі адзін аднаго. І пасля гульні я падыходзіў да маладзечненскага сектару, мы з ім заўсёды размаўлялі. Паша зараз працуе ў структуры клуба, і дзякуючы яму я трошкі ведаю, што там адбываецца. І нават я быў на іх матчы з «Нафтанам», і там пабачыў Мішу Калядку, з якім яшчэ ў Слоніме гулялі. Было вельмі прыемна яго пабачыць.
Таксама я ўбачыў, што многім людзям у Маладзечне баліць, што іх каманда кепска выступае. Таму калі мяне паклічуць як святара памаліцца за каманду, каб нешта ў футбольным плане палепшылася, то я абавязкова прыду. Бо шкада, што ў горадзе, дзе так любяць футбол і столькі чакалі вяртання каманды ў эліту, зараз такія справы.
— Калі вы апрануты «не по форме», людзі пры знаёмстве не здзіўляюцца, што вы ксёндз?
— Бывае. Калі чалавек гатовы размаўляць шчыра, то я заўсёды гатовы распавесці яму гісторыю свайго жыцця. Ведаеш, я ж, акрамя футбола, і ў Маскве працаваў — добра зарабляючы, і вышэйшую адукацыю яшчэ да святарства атрымаў. Але нідзе неяк шчасця свайго не мог знайсці. А вось калі прыходзіў да касцёлу і ў кляштар да братоў-капуцынаў, то адчуваў нейкі супакой. І да мяне доўга прыходзіла пытанне: «Чаму я нідзе, акрамя касцёлу, такога не адчуваю?»
Вось гэта я людзям і распавядаю. І яны часта згаджаюцца. Бо можна і спартсмэнам быць знакамітым, і грошай шмат зарабляць, а на душы мець нейкую пустэчу. Я гэта вельмі моцна ў нейкі момант адчуў і вырашыў, што для сябе выбіраю шлях святарства, бо менавіта праз служэнне Пану Богу я адчуваю сябе шчаслівым.
— Калі вы стоадсоткава вырашылі, што хочаце стаць святаром?
— У 2016 годзе, калі мне споўнілася 28 гадоў. У 24-ы я скончыў з футболам і паехаў працаваць у Маскву. Бо ў меня тады была дзяўчына — прыгожая, веруючая, вельмі разумная. І я думаў тады: можа, мой лёс быць разам з ёй, сям’ю стварыць. Таму ў 2012 годзе я і паехаў працаваць у Маскву, каб зарабіць грошай на кватэру і машыну. Сам разумееш, што, гуляючы ў першай-другой лігах, такіх грошай не заробіш. Працаваў менеджэрам по продажу мэблі і грошы зарабіў. Вырысоўвалася нейкая кар’ера. Але потым прыйшло разуменне, што мы з той дзяўчынай усё ж не бачылі адзін аднаму спадарожнікамі жыцця. Неяк так склалася, што я паўсюль шукаў сябе, але не знаходзіў. І ў 28 я вырашыў, што калі не паспрабую святарскага жыцця, то перад смерцю, напэўна, буду шкадаваць.
— Колькі вы былі разам з той дзяўчынай? Зараз вы з ёй падтрымліваеце які-небудзь кантакт?
— Чатыры гады. Моцна кантактаў мы не падтрымліваем. Але вось нядаўна ў Слоніме ў касцёле мы сустрэліся — яна зараз такая паспяховая бізнесвумэн, стварыла сваю сям’ю. І я вельмі шчыра рады, што ў яе жыцці ўсё так складваецца. Быў рады яе ўбачыць і паразмаўляць — бо яна засталася для мяне роднай душой.
— Калі мы завялі размову пра дзяўчын, то задам такое пытанне. У касцёл прыходзіць шмат прыгожых дзяўчат. Ці не выключаеце, што падчас святарства можаце закахацца ў адну з іх?
— Ведаеш, гэта вельмі добрае пытанне. Пытанне пра выбар. Я ведаю, што ў нас хапае вельмі прыгожых дзяўчат, у тым ліку прыхажанак, і прыемна з імі размаўляць. І не выключаю, што я магу ў кагосьці з іх закахацца, бо я здаровы нармальны малады чалавек. І рысы нармальнага маладога чалавека мне не чужыя. Але калі я адчуваю, што якая-небудзь дзяўчына мяне прываблівае больш, я хачу ёй недзе больш увагі надаць, то для меня тады ўзнікае пытанне: «Колькі часу я прысвячаю малітве?» Можа, гэта такі сігнал, што мае адносіны з Богам у гэты час занадта слабыя, што я недзе ў іншым месцы пачынаю нешта шукаць.
Для меня гэта пытанне выбару. І калі нават я закахаюся, хачу, каб гэта павяло мяне яшчэ больш у бок Бога. Не выключаю, што магу закахацца ў дзяўчыну па вушы, але я хачу быць святаром. І пакідаць гэты шлях я не жадаю, бо ўсё жыццё прысвячаю Богу.
— Вы тры гады вучыліся ў Італіі — вельмі футбольнай краіне. Як успрымалі італьянцы, што вы былы футбаліст?
— Як бы ні было, але я некалькі год прафесійна гуляў у футбол і разумею, што пэўны ўзровень у мяне застаўся. Плюс я вельмі люблю спорт, нейкую форму і зараз падтрымліваю — бегаю, трэніровачкі раблю. І калі ў той жа Італіі ці Польшчы мы пачыналі гуляць у футбол пры кляштарах з моладдзю, то было класна за імі назіраць. Яны там прыходзяць у фірмовай адзёжы, у дарагіх бутсах, пачынаюць нейкія фінты паказваць. І тут я такі думаю: ну, добра-добра.
І вось памятаю, як у Італіі, мы, браты з манастыра, гулялі з юнакамі, а яны маладзейшыя за нас, хутчэйшыя. А мы іх 14:2 перамаглі. Вось я такія моманты люблю, таму што, можа, нехта думае пра нас, братоў-манахаў, што мы нейкія не такія. Але потым, калі моладзь бачыць, што я праз футбол магу быць для іх нейкім аўтарытэтам, то футбол становіцца мовай, на якой мне ім нашмат лягчэй нешта пра Бога казаць.
— Цікава, таму што ў мяне вобраз ксяндза ў дзяцінстве быў крышачку іншы — гэта такі строгі дагматычны чалавек, і менавіта так прыкладна мне казала мая бабуля. А тут ксёндз гуляе ў футбол!
— Мы, святары, такія ж людзі, як і ўсе. Ты класна кажаш, што раней у ксяндзоў быў другі вобраз, які сфарміраваўся ў нашых бабуль і дзядуль. А мы, святары, з моладдзю можам і ў футбол пагуляць, і разам на шаўрму схадзіць.
— Значыць, сучасны святар можа з’есці фастфуд?
— Ды ўвогуле без праблем! Галоўнае, каб у меру! Тым больш я тры гады пражыў на поўдні Італіі, дзе, акрамя каталіцтва, ёсць яшчэ дзве «рэлігіі» — футбол і ежа. Мне гэта перадалося. Я вельмі люблю смачна паесці, вельмі люблю нешта новае спрабаваць і, як ужо казаў, магу на шаўрму схадзіць і з моладдзю, і з братамі-капуцынамі.
— Маючы зносіны з моладдзю, вы, напэўна, ўжо ведаеце значэнні словаў «крынж», «пікмі» і гэтак далей?
— Так, ведаю:) Нават у сваіх казаннях стараюся часам гэтыя словы ўжываць. Каб з моладдзю крышачку размаўляць на іх мове, скажам так. Бо мова — гэта заўсёды нейкі код.
— Дарэчы, у паўсядзённым жыцці вы размаўляеце па-беларуску?
— Так, у асноўным на роднай мове. На расейскай размаўляю, калі бываю дома ў Слоніме, бо і мае бацькі размаўляюць на расейскай, і асяроддзе там у асноўным рускамоўнае. Але ўсё роўна па-руску мне цяжэй. Бо калі ўжываеш увесь час беларускую мову, нават руская ператвараецца ў трасянку. Ды і ў тым жа Маладзечне беларускую мову можна пачуць нашмат часцей.
Увогуле вывучаць розныя мовы — адно з маіх захапленняў. Бо я вучыўся ў слонімскай гімназіі, якая дала мне вельмі добрую базу ангельскай мовы. Таксама я добра ведаю польскую і італьянскую мовы дзякуючы вучобе. Зараз, зноў стала жывучы ў Беларусі, стараюся глядзець фільмы і чытаць кніжкі на замежных мовах. Мне гэта падабаецца.
— Якую музыку вы слухаеце?
— Я вельмі люблю рок-музыку. Калі жыў у Маскве, два разы быў на канцэрце брытанскага гурта Muse. На канцэрт Linkin Park хадзіў, калі Чэстэр яшчэ быў жывы. Гэтыя два гурты вельмі люблю. Таксама ў Італіі палюбіў італьянскую поп-музыку — яна такая з сэнсам, мне падабаецца. У Польшчы мне вельмі даспадобы прыйшоўся мясцовы рэп — гэта проста паэзія на музыку! Вельмі прыгожы, вельмі глыбокі сэнс. А тое, дзе ёсць прыгажосць і глыбіня, я люблю, і гэта могуць быць розныя стылі.
— Які апошні фільм вы глядзелі?
— «Опенгеймер». Мне спадабаўся.
— І апошняе пытанне. Што сказаў ваш тата і першы футбольны трэнер па сумяшчальніцтве, калі даведаўся, што вы ідзеце вучыцца на ксяндза?
— Ён сказаў: «Сын, я тобой горжусь!»
Размаўляў Мікіта Пастухоў. Інтэрв’ю пададзена са скарачэннямі, поўная версія па спасылцы >>
Фота pio.by
