Польшча: вернікі прабягуць 650 км. у гонар св. Яна Паўла II

650 км. за чатыры дні пераадолеюць чатырнаццаць бегуноў падчас эстафеты з Руды-Шлёнскай да Вадавіц (Польшча), каб адзначыць 48-ю гадавіну абрання Караля Вайтылы Папам Рымскім, паведамілі гарадскія ўлады. Эстафета пройдзе пад дэвізам: «Дзякуйце Богу; не гасіце Духа».

«16 кастрычніка — вельмі важная дата для многіх з нас. Таму мы хочам у гэты дзень быць у родным горадзе нашага святога і разам паразважаць пра тыя падзеі. Мы падтрымліваем гэтую традыцыю штогод, за выключэннем тых гадоў, калі беглі ў Ватыкан (апошні раз гэта было ў 2023 годзе). Гэтым разам маршрут будзе праходзіць праз Любачаў, які св. Ян Павел II наведаў 35 гадоў таму з пасланнем «Дзякуйце Богу; не гасіце Духа»», — сказаў Аўгуст Якубік, ініцыятар эстафеты.

Перад пачаткам эстафеты бегуны прымуць удзел у святой Імшы ў касцёле Святога апостала Паўла. «Пачатковыя і фінальныя кіламетры маршруту спартсмены пераадолеюць разам. Па дарозе кожны з іх прабяжыць адрэзак даўжынёй у некалькі кіламетраў, перш чым перадаць эстафету наступнаму ўдзельніку», — адзначыў Якубік.

У бегавой пілігрымцы возьмуць удзел спартсмены са спартыўна-аздараўленчага клуба TKKF «Jastrząb». З 1998 года клуб арганізуе эстафетныя забегі «Бег міру па Еўропе», агульная дыстанцыя якіх на сённяшні дзень перавышае 24 тысячы кіламетраў. Удзельнікі забегаў наведвалі такія месцы, як Брусель, Фаціма і Ватыкан.

Пасля смерці Яна Паўла II у 2005 годзе бегуны вырашылі штогод, у гадавіну яго абрання Папам, пераадольваць дыстанцыю ад горада Руда-Шлёнска да Вадавіц.

Караль Вайтыла нарадзіўся 18 мая 1920 года ў Вадавіцах. Ён жыў там да заканчэння сярэдняй школы, пасля чаго пераехаў у Кракаў. Родны горад заўсёды займаў асаблівае месца ў яго сэрцы; ужо будучы Папам Янам Паўлам II, ён тройчы наведваў яго. У сакавіку 2005 года, знаходзячыся ў клініцы Джэмелі незадоўга да смерці, ён публічна вымавіў сваю апошнюю фразу па-польску: «Вітаю Вадавіцы». Ён звяртаўся да пілігрымаў са свайго роднага горада, якія прыйшлі яго наведаць.

misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку