Польшча: Сейм адхіліў спрэчную петыцыю аб забароне споведзі дзяцей

Ілюстрацыйнае фота

Камісія Сейма па петыцыях пастанавіла адхіліць хадайніцтва аб забароне дзіцячых споведзяў. Праект, які набраў больш за 12 тысяч подпісаў, выклікаў бурную дыскусію аб правах дзіцяці, свабодзе веравызнання і ролі сакрамантаў у выхаванні. 

Бліжэйшымі днямі ў Сейме была разгледжана петыцыя з просьбай увесці забарону на споведзь для асоб, маладзейшых за 18 гадоў. Яе аўтар Рафал Бетлееўскі — публіцыст, вядомы сваім крытычным стаўленнем да Каталіцкага Касцёла. Подпісы пад дакументам паставілі больш за 12 тысяч грамадзян. На думку аўтараў петыцыі, дзеці павінны быць абаронены ад «траўматычных перажыванняў», якія, на іх думку, могуць паўстаць у выніку асабістай споведзі з дарослым святаром.

У праекце прыводзяцца шматлікія сведчанні людзей, якія ў дзяцінстве адчувалі страх, сорам і прыніжэнне, звязаныя з сакрамантам пакаяння. Асноўныя праблемы былі звязаны з адсутнасцю нагляду з боку дарослых і псіхолагаў, а таксама з эмацыйным ціскам, якому дзеці павінны былі падвяргацца. На думку Бетлееўскага і яго прыхільнікаў, споведзь у яе цяперашняй форме можа прывесці да псіхалагічнага гвалту і зняважыць годнасць дзіцяці.

Пасля бурнай дыскусіі Камісія па петыцыях рэкамендавала адхіліць петыцыю. За яе адхіленне прагаласавалі восем дэпутатаў, двое былі супраць, ніхто не ўстрымаўся. Старшыня Камісіі Рафал Бахэнэк падкрэсліў, што нельга атаясамліваць хрысціянскую рэлігію з гвалтам. «Хрысціянства — гэта рэлігія і пэўны набор каштоўнасцей, якія з’яўляюцца ўвасабленнем радасці, любові, павагі і талерантнасці да іншых», — адзначыў ён.

Дэпутат Уршуля Русэцка адстойвала права бацькоў выхоўваць дзяцей у адпаведнасці са сваімі рэлігійнымі перакананнямі. На яе думку, праблемы дзяцей вынікаюць не з канфесій, а з пазбаўленага каштоўнасцяў выхавання. У сваю чаргу дэпутаты, хоць і заўважалі неабходнасць абмеркавання, палічылі, што няма адпаведнай прадметнай камісіі, якая магла б комплексна разглядаць гэтую тэму.

Па гэтым пытанні таксама выступіла парламенцкае Бюро экспертыз і ацэнкі наступстваў рэгулявання. На думку Уршулі Аўгустын, увядзенне забароны на споведзь дзяцей было б не толькі празмерным умяшаннем у свабоду сумлення, але і парушэннем адносін дзяржавы і Касцёла. Эксперты падкрэслілі, што, згодна з канстытуцыяй, бацькі маюць права выхоўваць дзіця ў адпаведнасці са сваімі каштоўнасцямі, а дзіця мае права вызнаваць рэлігію, калі гэтага хоча.

Важна адзначыць, што меркаванне нагадвае, што нават бацькі не маюць права прымушаць дзіця ўдзельнічаць у рэлігійных практыках. Роля дзяржавы заключаецца ў стварэнні механізмаў, якія дазволяць дзіцяці ажыццяўляць свабоду веравызнання ў адпаведнасці з яго развіццём. Таму, на думку экспертаў, прапанаваная забарона была б неадэкватнай і непрапарцыйнай мерай.

Хоць петыцыю адхілілі, тэма не знікне з публічнай дыскусіі. Дэпутат Марцін Юзэфацюк прапанаваў перадаць справу ў Камітэт па справах дзяцей і моладзі. На яго думку, варта задумацца, ці дастаткова духавенства падрыхтавана да працы з дзецьмі, у тым ліку і з псіхалагічнага пункту гледжання. Такія пытанні выглядаюць апраўданымі ў святле сучасных адукацыйных выклікаў і крызісу даверу да рэлігійных устаноў.

Паводле pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку