Евангелізацыя праз інтэрнэт становіцца важным інструментам сучаснага Касцёла. Сеціва адкрывае новыя магчымасці для абвяшчэння Евангелля, асабліва там, дзе традыцыйныя формы місіі абмежаваныя. Праз сайты, сацыяльныя сеткі і медыяканалы Касцёл можа перадаваць вучэнне і падтрымліваць духоўную сувязь з вернікамі. Сёння многія святары і манахіні прысутнічаюць у сацыяльных сетках, дзе ў простай і даступнай форме распавядаюць пра каталіцкую веру, дзеляцца разважаннямі і сведчаннем свайго жыцця. Іх словы становяцца крыніцай натхнення для тых, хто шукае адказаў і прагне духоўнай падтрымкі. Да гэтай місіі ўсё часцей далучаюцца і свецкія вернікі, якія праз свае старонкі, блогі і відэа сведчаць пра жывую веру ў штодзённасці.
На відэаплатформе TikTok у 2022 годзе з’явілася старонка з каталіцкімі спевамі. Моманты з адарацыі, калядныя, велікапосныя, марыйныя спевы – гэта і многае і іншае можна знайсці на старонцы, аўтарам якой з’яўляецца Агата Болбат. Слухачы адзначаюць прыгожы голас і асаблівы спосаб падачы вядомых каталіцкіх песень. Пад кожным ролікам можна адшукаць вялікую колькасць каментарыяў са словамі падзякі і падтрымкі. Тут жа спявачка пакідае акорды як вядомых і любімых песень, так і новых кампазіцый.
Нарадзілася і вырасла Агата ў Свіслачы ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася дзевяцёра дзяцей. Мама, Яніна Каўшук, дбала пра духоўнае выхаванне сваіх дачок і сыноў. З маленства дзеці наведвалі парафіяльны касцёл святога Францыска Асізскага, дзе паглыблялі сваю духоўнасць, фарміравалі веды і раскрывалі таленты. Маленькая Агата, спяваючы на святой Імшы, адчувала асаблівую радасць і задавальненне. Крыху пазней старэйшы брат Андрэй навучыў сястрычку граць на гітары. Тады ў Агаты з’явілася яшчэ больш магчымасцей для праслаўлення Бога. У дзяцінстве не раз брат браў у рукі гітару, іграў, а Агата спявала. І ў дарослым жыцці гэтая традыцыя працягваецца: Агата ўжо стала жонкай і мамай, а яе брат абраў святарскі шлях і зараз служыць у адной з парафій у Лідзе. Аднак, збіраючыся разам, яны і сёння звяртаюцца да музыкі. Нядаўна на старонцы Агаты з’явілася чарговая песня, якая стала плёнам сумеснай музычнай дзейнасці.
Будучы падлеткам, Агата выкарыстоўвала свае ўменні і таленты на Божую хвалу – іграла на рэкалекцыях, моладзевых сустрэчах, спявала ў хоры. Музыка стала важнай часткай яе жыцця. Пасля заканчэння школы дзяўчына паступіла ў Гродна. Там ужо жылі дзве яе старэйшыя сястры. Аднойчы адна з сясцёр запрасіла яе ў пабрыгіцкі касцёл. Там Агата даведалася пра душпастырства моладзі “Open”. Дзяўчына стала наведваць гэтыя сустрэчы, якія былі цікавымі і інфарматыўнымі. А крыху пазней паўстаў аднайменны гурт. Моладзь спявала падчас святых Імшаў, адарацый, моладзевых сустрэч. Агата стала часткай гэтага гурту і адчула, што яна знаходзіцца на сваім месцы.
Адвучыўшыся, выпускніцы давялося вярнуцца ў Свіслач на адпрацоўку. Аднак сваё служэнне яна не пакінула. Агата пачала спяваць у парафіяльным касцёле. Праз некалькі гадоў ёй зноў давялося вярнуцца ў абласны цэнтр – дзяўчына выйшла замуж і стала жыць у Гродне на пастаяннай аснове. Ксёндз Антоній Грэмза запрасіў вярнуцца да музычнай дзейнасці. І Агата зноў пачала некалькі разоў на тыдзень спяваць у любімай святыні.
Пяць гадоў таму сям’я Болбат стала большай: на свет з’явіўся доўгачаканы сынок Эміль. Маладыя бацькі атулілі хлопчыка любоўю і апекай. Агата заглыбілася ў новую, яшчэ да гэтага невядомую сферу – мацярынства. Спяваючы калыханкі свайму хлопчыку, яна адчула вострую неабходнасць вярнуцца да свайго служэння – славіць Бога спевам. Крыху пазней узнікла ідэя музычнай евангелізацыі праз інтэрнэт. Спявачка стварыла старонку ў TikTok і выклала дэбютныя відэа са спевам з адарацыі. Першыя відэаролікі набралі невялікую колькасць праглядаў, але падарылі ўпэўненасць, бо многія сябры і знаёмыя падтрымалі добрую ініцыятыву. З кожным наступным відэа колькасць праглядаў расла, з’яўлялася новая аўдыторыя, якую фарміравалі розныя людзі: святары і законныя сёстры, дзеці і моладзь, людзі старэйшага веку, якія з радасцю слухалі спевы. Незнаёмая жанчына аднойчы напісала спявачцы каментарый, што яе мама, якая знаходзіцца ў пачэсным узросце, не толькі слухае песні, але і актыўна падпявае. Гэты каментарый узрушыў Агату, падарыў упэўненасць у тым, што яе служэнне запатрабаванае.
Спявачка адзначае, што асаблівай папулярнасцю карыстаюцца спевы, прысвечаныя Найсвяцейшай Панне Марыі. Спеў “Маці Хрыстова”, напрыклад, набраў больш за 70 тыс. праглядаў, а слухачы прасілі падзяліцца нотамі ці акордамі. Зараз Агата да кожнага відэа далучае яшчэ і акорды, каб ахвотныя маглі паспрабаваць сыграць прапанаваныя кампазіцыі.
Агата прызнаецца, што не мае прафесійнай музычнай адукацыі, але ў яе сэрцы ёсць вялікае жаданне славіць Бога. Калі ўся вялікая сям’я збіраецца ў Свіслачы за агульным сталом, то ніколі не абыходзіцца без спеваў.
Шукаючы вытокі каталіцкай веры, заўсёды варта звяртаць увагу на сям’ю, бо менавіта сям’я становіцца першай школай любові, малітвы і вернасці. Яніна і Аляксандр Каўшук здолелі годна выхаваць сваіх дзяцей. Плёны іх выхавання паказваюць, што парасткі веры пачынаюцца ў родным доме. Прыклад набожнай малітвы бацькоў, сумеснае наведванне святых Імшаў, традыцыя святкавання ўрачыстасцей – гэтыя рэчы складаюць падмурак для духоўнага росту дзяцей. Сёння Яніна і Аляксандр малітоўна падтрымліваюць сына Андрэя, які абраў святарскі шлях, малодшую дачушку Крысціну, якая рэалізавала сябе ў манастве. Падтрымліваюць таксама дзяцей, што рэалізаваліся ў сямейным жыцці і выхоўваюць дзяцей у духу веры. Радуюцца таксама поспехам Агаты, бо яна прысвячае свае здольнасці на Божую хвалу.
“Па плёнах пазнаеце іх” – гэта думка Хрыста вельмі простая і адначасова глыбокая. Езус кажа, што сапраўдная вера, любоў і сапраўдная адданасць заўсёды маюць вынік. Як дрэва не можа прынесці іншы плод, апрача таго, які адпавядае яго прыродзе, так і чалавек не можа схаваць таго, што жыве ў яго сэрцы.
Марта Венславовіч
Фота з архіву Агаты Болбат
Акаўнт Агаты Болбат у Tik-tok з рэлігійнымі спевамі >>
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!







