Пілігрымы вяртаюцца ў Святую Зямлю

“Сёння раніцай, пасля шматмесячнага перапынку, я сустрэў першую групу пілігрымаў, якая прыбыла ў Святую Зямлю. Для нас гэта знак надзеі, — сказаў Vatican News Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.

Пасля таго, як Ізраіль зноў адкрыў свае межы для вакцынаваных турыстаў, арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала чакае новага прытоку пілігрымаў. “Мой вопыт паказвае, што пілігрымы, якія прыехалі ў Святую Зямлю, здзейснілі пілігрымку, перажываюць глыбокія змены ў сваім жыцці. У пэўным сэнсе яны прымаюць восьмы сакрамэнт. Таму што сакрамэнты звязваюць нас з асобай Езуса, а гэта і ёсць Святая Зямля. Вы можаце чытаць Евангелле, дзе б вы ні знаходзіліся, але, прыязджаючы сюды, з’яўляецца разуменне, што Бэтлеем, Назарэт і Бэтанія – не нейкія памятныя месцы, а рэальнасць. І гэта дапамагае наблізіцца да асобы Езуса як да канкрэтнай рэчаіснасці”, — адзначыў іерарх.

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма падкрэсліў, што вяртання пілігрымаў чакаюць і мясцовыя хрысціяне, якія ў значнай ступені залежаць ад абслугоўвання пілігрымскага руху. Ад гэтай падтрымкі залежыць выжыванне мясцовага Касцёла.

“На жаль, не толькі ў Святой Зямлі, але і на ўсім Блізкім Усходзе палітычная сітуацыя, войны, рэлігійная напружанасць, а таксама пандэмічная беднасць, эканоміка ў перманентным крызісе прывялі да змяншэння колькасці хрысціян. Але з іншага боку, не можна казаць, што мы – супольнасць у стане заняпаду. Мы застаёмся актыўнымі, у першую чаргу ў сферы адукацыі і аховы здароўя. Касцёл стварае працоўныя месцы, бо разумее, што трэба дапамагаць хрысціянскай супольнасці вельмі канкрэтна”, — адзначыў арцыбіскуп Піцабала.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку