Першая сусветная вайна і нашы касцёлы

Сёлета споўнілася 110 гадоў з дня пачатку Першай сусветнай вайны. Два з паловай гады фронт сусветнага канфлікту праходзіў па тэрыторыі Беларусі. У паласе ваенных дзеянняў апынуліся і касцёлы.

Першая сусветная вайна пачалася 28 ліпеня 1914 года, калі Аўстрыя абвясціла вайну Сербіі. Гэта быў крок у адказ на забойства наступніка аўстра-венгерскага трона Франца Фердынанда, якога за месяц да таго застрэліў у Сараеве студэнт Гаўрыла Прынцып. Неўзабаве паўсталі адзін супраць аднаго два вайсковыя блокі: Антанта, да каторай належалі Расійская Імперыя, Брытанія і Францыя, і Цэнтральныя дзяржавы – Германія і Аўстра-Венгрыя. Вайна скончылася 11 лістапада 1918 года, яе ахвярамі сталі 9,5 мільёнаў чалавек, а яшчэ 20 мільёнаў было паранена.

У Беларусь ваенныя дзеянні прыйшлі ў жніўні 1915 года, калі немцы імкліва праламалі абарону Расійскай Імперыі. Фронт хутка ўсталяваўся на лініі Дзвінск – Дрысвяты – Паставы – возера Нарач – Смаргонь – Крэва – Баранавічы – Пінск. На ўсім фронце адбываліся крывавыя баі, але ніводзін з бакоў не змог зрушыць гэтую лінію да лютага 1918 года. Пад націскам расійскіх уладаў каля 1,2 мільёна чалавек з Заходняй Беларусі пакінулі родныя мясціны і накіраваліся ў бежанства, з якога трэцяя частка не вярнулася: многія памерлі ад хваробаў і цяжкіх умоваў жыцця.

У выніку вайны распаліся Расійская, Нямецкая і Аўстра-Венгерская імперыі. Многія народы скарысталіся магчымасцю і пабудавалі на руінах імперый свае незалежныя дзяржавы. Беларусам гэта, аднак, не ўдалося. Пасля Першай сусветнай амаль адразу пачалася польска-бальшавіцкая вайна, якая цягнулася да кастрычніка 1920 года. Заходняя частка беларускіх земляў трапіла ў склад Польскай Рэспублікі, а ўсходняя апынулася ў СССР.

На тэрыторыі, якая цяпер належыць да Віцебскай дыяцэзіі, у выніку Першай сусветнай вайны, былі беспаваротна знішчаныя два касцёлы і яшчэ два былі моцна пашкоджаныя.

У мястэчку Дрысвяты на пагорку над возерам стаяў невялікі драўляны касцёл з мураванай званіцай. Пра яго выгляд мы можам ведаць толькі з невялікага фота, надрукаванага ў часопісе “Świat” у 1908 годзе. Касцёл быў спалены ў выніку ваенных дзеянняў.

Касцёл у Дрысвятах, разбураны ў Першую Сусветную вайну. “Świat”, №21, 1908.

“Перад сусветнай вайной гэта была заможная ваколіца. Зямля добра радзіла, у мястэчку панаваў ажыўлены гандлёвы рух, – пісаў карэспандэнт тыднёвіка “Głos Wilenski” (№34, 1929). – Вайна ўчыніла небывалыя спусташэнні. Касцёл, мястэчка, шматлікія двары і навакольныя вёскі пайшлі з дымам. Насельніцтва прымусова выселена і выганана ўглыб Расіі.

Працяглы час адбываліся за Дрысвяты зацятыя баі паміж нямецкім і расійскім войскамі. Урэшце ўсё гэта мінула (…). Людзі пачалі вяртацца дадому, але ўбачылі толькі папялішчы і пажарышчы замест сядзібаў, а палеткі – парэзаныя глыбокімі акопамі і перагароджаныя засекамі з калючага дроту. Самай страшнай бядой былі раскіданыя ўсюды гарматныя снарады і ручныя гранаты, якія, калі іх краналі, неаднойчы выбухалі, калечачы смельчакоў. Здараліся нават смяротныя выпадкі”.

Паcля вайны парафіяне ў Дрысвятах больш за дзесяць гадоў не мелі сваёй святыні, і толькі ў 1929 годзе быў збудаваны новы драўляны касцёл па праекце Лявона Вітана-Дубейкоўскага. Гэты архітэктар адначасова быў вядомым беларускім грамадскім дзеячам. У Дрысвятах ён увасобіў сваю даўнюю задуму – пабудаваць святыню, выгляд якой адлюстроўваў даўнія традыцыі беларускага сакральнага дойлідства.

Касцёл у Відзах пасля баявых дзеянняў. Фрагмент нямецкай паштоўкі.

Перад Першай сусветнай вайной Лявон Вітан-Дубейкаўскі распрацаваў праект касцёла ў стылі неаготыкі ў Відзах. Гэта адзін з самых высокіх касцёлаў у Беларусі. Яго скончылі будаваць у 1914 годзе, а праз год да Відзаў дайшлі ваенныя дзеянні. Мястэчка трымалі нямецкія войскі, і на шматлікіх паштоўках, якія ішлі палявой поштай у Нямеччыну, захаваліся выявы разбураных дамоў і моцна пашкоджанага касцёла. Артылерыйскім абстрэлам знішчылі дах, вокны, разбурылі сцены. Пасля заканчэння вайны вернікі адбудавалі касцёл, а на памяць пра разбурэнні ўмуравалі ў сцены карпусы ад снарадаў.

Касцёл у Паставах, 1918 год. Фрагмент нямецкай паштоўкі, onebid.pl.

Досыць новы касцёл быў у Паставах. Яго збудавалі ў 1904 годзе. Падчас баявых дзеянняў былі знішчаныя дах, вокны, пашкоджаныя сцены і вежа. Разбурэнні добра бачныя на выдадзенай у 1918 годзе нямецкай паштоўцы. Пасля вайны касцёл хутка адбудавалі і ў 1932 годзе нанова асвяцілі.

На заходнім беразе Задзеўскага возера, за тры кіламетры на захад ад цэнтра Паставаў, было мястэчка Задзеўе. Некалькі стагоддзяў яно з’яўлялася цэнтрам асобнай парафіі. У 1911 годзе ў Задзеўі быў збудаваны новы неагатычны касцёл. Святыня мела дзве вежы, сваім выглядам нагадвала касцёлы у Мёрах і Слабодцы. На няшчасце задзеўскіх парафіянаў, мястэчка і святыня апынуліся пры самай лініі фронту. Пробашч, кс. Аляксандр Дулько, заставаўся ў парафіі да апошняга. “Пад градам куляў, з брэвіярыем у руках выйшаў з Задзеўя. Бачыў, як у артылерыйскім агні гінуў не толькі ўласны дабытак, але і касцёл, і плябанія”, – пісалі пазней яго знаёмыя. Касцёл ператварылі ў руіны, і яго ўжо ніколі не адбудавалі.

Касцёл у Паставах, 1918 год. Фрагмент нямецкай паштоўкі, onebid.pl.

Першы пасля вайны парафіяльны фэст Перамянення Панскага адбываўся ў вёсцы Вялікая Олься за восем кіламетраў ад Задзеўя, бо толькі там захаваліся цэлыя будынкі. У міжваенны час парафія ў Задзеўі працягвала існаваць, была збудаваная невялікая драўляная святыня, пра гісторыю якой нам пакуль не ўдалося знайсці ніякіх звестак.

Кастусь Шыталь

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі