14 снежня на ІIІ Нядзелю Адвэнту лепельскі касцёл Святога Казіміра наведала сястра Ірына з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці каб падзяліцца гісторыяй Цудоўнага медаліка.
«Лепельская парафія – 47-я па ліку, якую мы наведалі за тры гады. Нас у Беларусі ўсяго дзевяць сясцёр Міласэрнасці. Гэта зусім мала. Таму прашу, каб вы сталі нашымі апосталамі і дапамагалі распаўсюджваць Цудоўны медалік» – заклікала лепельскіх парафіян сястра Ірына.
Далей была распаведзена захапляльная гісторыя медаліка Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Цудоўны медалік — плён аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія адбыліся ў 1830 годзе. Хутка будзе 200 год з часу яго з’яўлення. За гэты шматгадовы тэрмін засведчаны шматлікія і неверагодныя цуды, аздараўленні і навяртанні. Аб некаторых з іх распавяла сястра Ірына.
Ксёндз Уладзімір — пробашч парафіі св. Казіміра ў Лепелі — у сваю чаргу заўважыў, што падчас войнаў салдаты зашывалі медалік у вопратку. Можа гэта і не выратоўвала ваяроў-вернікаў ад жахаў вайны, але зразумела тое, што з Цудоўным медалікам яны не гублялі сваю годнасць і веру да апошняга імгнення.
Сястра міласэрнасці заўважыла, што i лепельскім вернікам трэба актыўна далучыцца да ініцыятывы распаўсюджвання Цудоўнага медаліка.
Напрыканцы Святой Імшы ўсім прысутным сястра Ірына з памочніцамі раздалі ўжо асвячоныя медалікі лепельскім парафіянам.
Хто задаволіўся адным, а іншыя ўзялі некалькі, каб уручыць Цудоўны медалік родным, знаёмым і распавесці пра візію Панны Марыі з зямным шарам у далонях. А таксама нагадаць, што можна атрымаць асаблівыя ласкі ад Беззаганнай Марыі, калі насіць Цудоўны медалік з вераю і прамаўляць заклік «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае».
Алег Шушкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!