У Аўстрыі 2025 год стане рэкордным за апошні час паводле колькасці святарскіх пасвячэнняў. Праўда, гэта, магчыма, адзіная пазітыўная тэндэнцыя ў краіне, дзе колькасць католікаў скарачаецца на фоне росту вернікаў іншых канфесій.
Паводле звестак агенцтва Kathpress, у 2025 годзе ў Аўстрыі будзе пасвечана не менш за 26 каталіцкіх святароў. Гэта значна перавышае сярэдні паказчык за апошняе дзесяцігоддзе, які складаў прыкладна 22 святарскія пасвячэнні на год.
Таксама тэндэнцыя прасочваецца ў амаладжэнні кандыдатаў на пасвячэнне. Калі ў папярэднія гады іх сярэдні ўзрост звычайна складаў 35 гадоў і больш, то ў гэты раз ён склаў усяго 34 гады. Палова кандыдатаў яшчэ маладзейшыя – ва ўзросце ад 27 да 31 года. Такім чынам, захоўваецца тэндэнцыя да памяншэння колькасці позніх пакліканняў і павелічэння колькасці маладых патэнцыйных святароў. У 2021 годзе сярэдні ўзрост новых святароў быў 45 гадоў.
Праўда, уласна аўстрыйцаў сярод новых аўстрыйскіх святароў усяго 14. Але і гэта істотны рост: у 2024 годзе іх было ўсяго шэсць, у 2023 годзе – адзінаццаць, а ў 2022 годзе – дзевяць. Астатнія сёлетнія новыя святары Аўстрыі паходзяць з Германіі, Нігерыі, Славакіі, Польшчы, Іспаніі і Індыі.
Дарэчы, у святарскіх пасвячэннях у Германіі назіраюцца супрацьлеглыя тэндэнцыі. У 2024 годзе там быў зафіксаваны гістарычны мінімум – 29 пасвячэнняў супраць 45 у 2022 годзе і 58 – у 2020-м. У 2024 годзе ў адзінаццаці з 27 дыяцэзій пасвячэнняў не было наогул. Асабліва драматычная сітуацыя ва Усходняй Германіі, дзе, як паведамляе CNA Deutsch, летась адбыліся ўсяго два пасвячэнні. У 2025 годзе ў Германіі чакаецца толькі некалькі пасвячэнняў у святары.
Колькасць католікаў скарачаецца
Пры гэтым рост колькасці святароў у Аўстрыі не азначае адсутнасці іншых праблем. 18 верасня 2024 года Канферэнцыя аўстрыйскіх біскупаў паведаміла, што ў 2023 годзе адносна папярэдняга года колькасць католікаў у краіне скарацілася з 4 733 085 да 4 638 842 чалавек. Такім чынам, яна скарацілася на 94 243 чалавекі, або на 1,99%. У 2023 годзе Каталіцкі Касцёл у Аўстрыі афіцыйна пакінулі 85 163 чалавекі. Гэта менш, чым 90 975 чалавек годам раней, але больш, чым у 2021 і 2020 гадах, калі ад каталіцтва адмовіліся 72 222 і 58 727 чалавек адпаведна.
Такія дакладныя лічбы тлумачацца тым, што, як і ў суседняй Германіі, католікі Аўстрыі абавязаныя плаціць касцельны падатак, вядомы на мясцовым узроўні як Kirchenbeitrag (касцельны ўнёсак). Ён складае каля 1,1% ад гадавога падаткаабкладанага даходу. Каб афіцыйна выйсці з Касцёла ў Аўстрыі, католік павінен асабіста або ў пісьмовай форме падаць у кампетэнтны орган заяву аб выхадзе разам з афіцыйнымі дакументамі, такімі, як пасведчанне аб хрышчэнні, і аплаціць адміністрацыйны збор. Яны больш не плацяць касцельны ўнёсак, але таксама страчваюць доступ да сакрамантаў, права на касцельнае пахаванне і магчымасць быць хроснымі ці сведкамі пры хрышчэнні або канфірмацыі.
Канферэнцыя аўстрыйскіх біскупаў заявіла, што зніжэнне колькасці католікаў звязана з неспрыяльным суадносінамі хрышчэнняў і смерцяў, а таксама з «выхадамі з Касцёла».
У 2023 годзе ў Аўстрыі з агульнай колькасцю насельніцтва каля 9 мільёнаў чалавек было здзейснена 39 488 хрышчэнняў і 50 900 адпяванняў. Канферэнцыя біскупаў выказала здагадку, што зніжэнне колькасці хрышчэнняў звязанае са зніжэннем нараджальнасці ў Аўстрыі. У 2023 годзе нарадзілася 77 605 дзяцей, што на 6,1% менш, чым у 2022 годзе.
«Праз 20 гадоў Касцёл будзе выглядаць інакш, чым 20 гадоў таму. У нас таксама больш не будзе ранейшых рэсурсаў», – заявіў прадстаўнік Венскай архідыяцэзіі Міхаэль Прулер.
Зніжэнне колькасці вернікаў азначае і зніжэнне даходаў Касцёла. Агульны даход дыяцэзій у 2023 годзе склаў каля 696 мільёнаў еўра, а агульныя выдаткі – 730 мільёнаў. Пры гэтым дзевяць аўстрыйскіх дыяцэзій атрымалі 511 мільёнаў еўра касцельнага ўнёску ў 2023 годзе, што паказала рост у параўнанні з 2022 годам, калі падатак склаў 500 мільёнаў еўра. З 2025 года католікі змогуць накіроўваць 50% сваіх касцельных ахвяраванняў на канкрэтныя патрэбы, такія як праца з моладдзю або ахова навакольнага асяроддзя.
Памяншаюцца ў Аўстрыйскім касцёле і іншыя паказчыкі. У 2023 годзе ў Аўстрыі ў Касцёл вярнуліся або было прынята 4575 чалавек, што менш, чым 4771 на год раней. У 2023 годзе было здзейснена 208 хрышчэнняў дарослых, што менш, чым 226 у 2022 годзе. Колькасць першых камуній скарацілася з 46 728 у 2022 годзе да 45 132 у 2023-м, а колькасць канфірмацый у 2023 годзе склала 38 122, што менш, чым 41 204 у 2022-м. У 2023 годзе ў касцёлах ажанілася 8 228 пар у параўнанні з 9 503 у 2022 годзе.
Колькасць святароў, якія служаць у Аўстрыі, у 2023 годзе склала 3 320, што менш, чым 3 403 у 2022 годзе, пры гэтым 153 аўстрыйскія дыяцэзіяльныя святары служылі за мяжой. Колькасць законнікаў зменшылася з 359 у 2022 годзе да 340 у 2023-м, а колькасць законніц – з 2828 у 2022 годзе да 2721 у 2023-м.
Католікі – меншасць у школах Вены
Іншыя ж крыніцы ўвогуле сведчаць пра радыкальнае змяненне рэлігійнага ландшафту ў Аўстрыі. Як паведамляе са спасылкай на нядаўняе апытанне выданне Heute – найбольшая аўстрыйская бясплатная штодзённая газета – у школах Вены іслам стаў найбуйнейшай рэлігійнай групай. 41,2% навучэнцаў пачатковых, сярэдніх і спецыяльных школ, а таксама політэхнічных вучылішчаў аўстрыйскай сталіцы з’яўляюцца мусульманамі. Гэта амаль кожнае другое дзіця, і гэтая тэндэнцыя расце. Летась іх доля складала 39,4%.
А вось хрысціянства вызнаюць толькі 34,5% навучэнцаў. І толькі палова з іх – католікі. Як сведчыць апытанне, 17,5% школьнікаў належаць да Каталіцкага Касцёла, а 14,5% – да Праваслаўнай Царквы. Яшчэ 23% дзяцей не маюць рэлігійнай прыналежнасці.
Так што дэмаграфічная сітуацыя, прынамсі ў сталіцы краіны, дадае дадатковай няпэўнасці адносна новых святарскіх пасвячэнняў у будучыні Аўстрыі.
Мечыслаў Гапановіч
