Раптоўны пажар здарыўся ноччу 10 ліпеня ў люрдскім санктуарыі Найсвяцейшай Багародзіцы на ўзроўні капліц Святла, дзе пілігрымы пакідаюць запаленыя свечкі. Нягледзячы на тое, што пажарныя, выкліканыя санітарнымі службамі святыні, хутка патушылі агонь, чатыры капліцы былі пашкоджаныя, тры згарэлі цалкам. Ахвяр няма.
Нягледзячы на гэта, пілігрымы па-ранейшаму змогуць запальваць свечкі ў чатырох іншых адкрытых для іх капліцах, якія не пацярпелі ад пажару.
У чаканні адбудовы зруйнаваных капліц у бліжэйшыя месяцы на пляцоўцы каля санктуарыя будуць падрыхтаваны новыя месцы для ўстаноўкі свечак. На час рэарганізацыі складам свечак будуць займацца работнікі санктуарыя. Яны таксама будуць сачыць за тым, каб запаленыя на месцы свечкі дагарэлі як мага хутчэй.
Рэктар санктуарыя а. Аліўе Рыбаду Дзюма напісаў у твітэры свае спачуванні ў сувязі з «чарговым ударам па святыні». Фінансавыя страты святыні насамрэч значныя.
«Кошт поўнай рэканструкцыі капліц і замены разбураных матэрыялаў на новыя ацэньваецца як мінімум у 1,5 мільёна еўра», — паведамляе служба санктуарыя, які зараз перажывае перыяд аднаўлення пасля каранавіруснага крызісу. «Самае галоўнае, аднак, што ніхто не пацярпеў і ў будучым пілігрымы змогуць памаліцца ў ацалелых капліцах і запаліць свечкі», — адзначыў а. Аліўе, нядаўна прызначаны рэктарам сабора Нотр-Дам у Парыжы.
1 верасня а. Мішэль Добан зойме пасаду рэктара санктуарыя ў Люрдзе. Як паведамляе прэс-служба санктуары, «хоць расследаванне прычын пажару працягваецца, найбольш верагоднай выглядае версія выпадковага ўзгарання».
Па матэрыялах stacja7.pl, pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач
