Паваротны момант у гісторыі. У Эстоніі ўпершыню з XVI стагоддзя з’явілася каталіцкая дыяцэзія

Біскуп Філіп Журдан

Святы Пасад працягвае рабіць крокі для развіцця Касцёла ў суседніх з Беларуссю краінах Балтыі. Неўзабаве пасля прызначэння туды новага нунцыя стала вядома і пра ўтварэнне асобнай дыяцэзіі ў Эстоніі.

24 чэрвеня Папа Францішак прызначыў Апостальскім нунцыем у Літве, Эстоніі і Латвіі былога асабістага сакратара Папы Бэнэдыкта XVI і прэфекта Папскага дому арцыбіскупа Георга Генсвайна з Нямеччыны. І вось праз тры месяцы, 26 верасня, Пантыфік павысіў статус Апостальскай адміністратуры Эстоніі да ўзроўню дыяцэзіі і прызначыў яе першага біскупа – Філіпа Журдана, які да таго займаў пасаду Апостальскага адміністратара Эстоніі. Новая Талінская дыяцэзія будзе непасрэдна падпарадкаваная Святому Пасаду.

«Стварэнне Талінскай дыяцэзіі і прызначэнне яе першага біскупа – гэта гістарычны момант для Касцёла ў Эстоніі і новы этап у развіцці мясцовай каталіцкай супольнасці, а таксама прызнанне яе росту і значнасці. Для вернікаў гэта знак даверу і падтрымкі з боку Святога Пасада, а таксама стымул для далейшага ўмацавання ў веры і пашырэння сваёй прысутнасці ў эстонскім грамадстве», – адзначае Vatican News.

800 гадоў каталіцтва ў Эстоніі

Каталіцтва на эстонскіх землях запанавала ў выніку крыжовых паходаў дацкага караля Вальдэмара II. У 1240 годзе ён утварыў у Таліне, які тады называўся Рэвелем, біскупства, пакінуўшы за сабой і за сваімі пераемнікамі права прызначаць яго біскупаў. Права караля Даніі прызначаць рэвельскага біскупа супярэчыла кананічнаму праву Касцёла і неаднаразова аспрэчвалася Папамі. Рэвельскае каталіцкае біскупства спыніла сваё існаванне ў 1561 годзе, калі ў занятай Швецыяй Эстоніі лютэранства было абвешчанае дзяржаўнай рэлігіяй, а каталіцтва – забароненае.

Першая за больш як дзвесце гадоў святая Імша была цэлебраваная ў Эстоніі толькі ў 1786 годзе, калі краіна ўжо стала часткай Расійскай імперыі. Адбылося гэта дзякуючы выхадцам са шляхты Рэчы Паспалітай. Да 1918 года Эстонія належала да Магілёўскай архідыяцэзіі, а на яе тэрыторыі пражывала каля 300 католікаў. У 1845 годзе быў кансэкраваны касцёл у Таліне, які з часам стаў катэдральным, а ў 1899-ым – касцёл у Тарту.

У 1924 годзе ўжо ў незалежнай Эстоніі была ўтвораная Апостальская адміністратура з цэнтрам у Таліне. У 1931-м у краіну прызначылі першага Апостальскага нунцыя, а ў 1936-м быў высвечаны першы каталіцкі біскуп з часоў Рэфармацыі. Далучэнне краіны да СССР у 1940 годзе моцна ўдарыла па Касцёле ў Эстоніі. І з 1942 года, калі ў савецкім лагеры памёр біскуп Эдуард Профітліх, новых біскупаў у краіне не было. Колькасць католікаў скарацілася з даваенных 5000 чалавек да некалькіх соцень на момант распаду СССР.

Адраджэнне Касцёла ў Эстоніі пачалося з вяртаннем краінай незалежнасці. У 1992 годзе была адноўленая Апостальская адміністратура. А ў верасні 1993-га краіну з апостальскім візітам наведаў Папа Ян Павел ІІ. У 2022 годзе ў Эстоніі, паводле ватыканскай статыстыкі, налічвалася 6700 католікаў (у 1999 годзе – 3500), або 0,5% насельніцтва (было 0,2%). У краіне працуе 13 святароў і дзейнічае 10 парафій. З 1999 года іх колькасць вырасла ў паўтара і два разы адпаведна.

Пры гэтым сама Эстонія з’яўляецца адной з найменш рэлігійных краінаў Еўропы. Паводле перапісу 2021 года, больш як 58% жыхароў краіны заявілі, што не належаць да ніводнай канфесіі, яшчэ амаль 13% адмовіліся адказваць на пытанне пра сваю рэлігійную прыналежнасць. Да розных галінаў хрысціянства адносяць сябе толькі 26,8% жыхароў краіны, у тым ліку 16,3% назваліся праваслаўнымі, а 7,7% – лютэранамі. Католікаў дзяржаўны перапіс налічыў 8690 асобаў, або 0,8%.

Хто такі біскуп Журдан і што яго звязвае з нунцыем

Кіраўнік новай Талінскай дыяцэзіі Філіп Журдан нарадзіўся ў 1960 годзе ў Францыі, атрымаў адукацыю ў галіне матэматыкі і інжынерыі. У 1980 годзе ён далучыўся да Opus Dei і неўзабаве вырашыў стаць святаром. У 1988 годзе Журдан атрымаў святарскае пасвячэнне ў Прэлатуры Святога Крыжа і Opus Dei. Гэта яго, дарэчы, збліжае з новым нунцыем Генсвайнам, які з 2003 года выкладаў у Рыме у Папскім універсітэце Святога Крыжа, заснаваным Opus Dei. Менавіта там у 1987 годзе абараніў сваю доктарскую дысертацыю Філіп Журдан.

Журдан служыў у Мадрыдзе і Парыжы, быў душпастырым для студэнтаў. У 1996 годзе яго прызначылі працаваць у Эстонію. Святар атрымаў пасаду генеральнага вікарыя Апостальскай адміністратуры. Дэ-факта ён стаў самым высокім прадстаўніком касцельнай іерархіі ў краіне, бо апостальскія адміністратары таксама займалі пасаду Апостальскага нунцыя ў краінах Балтыі і большасць часу знаходзіліся ў Літве.

Але афіцыйны статус кіраўніка Касцёла ў Эстоніі, апостальскага адміністратара, Журдан атрымаў толькі ў 2005 годзе.

Высвячалі яго ў біскупы ў Таліне ў 800-гадовым касцёле святога Олафа, які з 1950 года належыць баптысцкай царкве.

Неабходнага памеру дзейнага каталіцкага касцёла для цырымоніі ў Эстоніі проста не знайшлося. Сярод тых, хто высвячаў новага іерарха, быў і беларускі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які на той момант яшчэ служыў у Маскве. Таксама ў кансэкрацыі ўдзельнічалі Апостальскі нунцый у краінах Балтыі арцыбіскуп Пэтэр Цубрыген і прэлат Opus Dei біскуп Хаўер Эчэварыя.

Неўзабаве Журдан атрымаў грамадзянства Эстоніі. А з 2004 года ён з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Эстонскай рады цэркваў.

У 2019 годзе, калі Журдана спыталі, як Касцёл мае рэагаваць на секулярызацыю, якая ў Эстоніі больш развітая, чым у іншых краінах Еўропы, ён сказаў: «Я не згодны з думкай, прысутнай у некаторых касцельных колах, што праз усё мацнейшую секулярызацыю жыць як хрысціянін у грамадстве становіцца практычна немагчымым, і хрысціяне павінны адасабляцца ў невялікіх супольнасцях… Неабходная прысвечаная прысутнасць у свеце, заснаваная на рэалістычным, але таксама поўным надзеі бачанні грамадства, нават секулярызаванага».

Павышэнне апостальскай адміністратуры да статусу дыяцэзіі біскуп Журдан назваў «новым этапам» і «паваротным момантам» у гісторыі эстонскага Касцёла. Ён нагадаў, што адбылося гэта ў 100-гадавіну ўтварэння адміністратуры. «Сёння станаўленне дыяцэзіяй сведчыць пра стабілізацыю нашай касцельнай сітуацыі, а таксама з’яўляецца прызнаннем Апостальскай Сталіцай пастырскай і арганізацыйнай сталасці эстонскай каталіцкай супольнасці. Гэта азначае, што мясцовы Касцёл развіў чалавечыя, матэрыяльныя і духоўныя рэсурсы, неабходныя для поўнага прыняцця на сябе абавязкаў дыяцэзіі. У адрозненне ад Апостальскай адміністрацыі, дыяцэзія з’яўляецца стабільнай і пастаяннай структурай, роўнай любой іншай дыяцэзіі ў свеце. Цяпер яна дазваляе структураваць мясцовую каталіцкую супольнасць вакол біскупа ў дыяцэзіі, які робіцца духоўным айцом і пастырам мясцовага Касцёла. У адрозненне ад Апостальскай адміністрацыі, дзе біскуп можа быць часовым пастырам ці нават прыходзіць з іншай дыяцэзіі, дыяцэзія дапускае пастырскую пераемнасць, вялікую блізкасць да католікаў і доўгатэрміновае бачанне духоўнага і пастырскага развіцця супольнасці», – заявіў біскуп.

Паводле яго, гэтая прыцягвае больш увагі, падтрымкі і супрацы ад Касцёла ў іншых краінах, дае мясцовым католікам гонар прыналежнасці да ўласнага Касцёла і мае ўмацаваць іх «духоўны і місіянерскі дух». Таксама новы статус можа садзейнічаць развіццю новых пастырскіх, сацыяльных, адукацыйных і дабрачынных праектаў.

«Мы дзякуем Богу за вялікі дар, які мы атрымалі. Кожны дар Божы – гэта таксама адказнасць для нас, і кожнае заданне Божае прыносіць у сваю чаргу вялікую ласку і для славы Божай, і для нас, людзей Зямлі Марыі!» – падкрэсліў біскуп Журдан.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі