Французы зноў адкрываюць для сябе значэнне цудадзейнага медаліка. У мінулым годзе была зафіксавана рэкордная колькасць вернікаў, якія наведалі капліцу на вуліцы Дзю Бак у Парыжы, дзе ў 1830 годзе святой Кацярыне Лабурэ з’явілася Найсвяцейшая Панна Марыя.
Усяго ў 2025 годзе там маліліся амаль 3 мільёны чалавек. Гэта зрабіла гэтую сціплую капліцу адным з самых наведвальных месцаў у французскай сталіцы.
Сціплая капліца ў самым сэрцы Парыжа
Капліца Цудадзейнага медаліка — гэта не касцёл, а капліца ў кляштары сясцёр Міласэрнасці, кангрэгацыі, заснаванай святым Вінцэнтам дэ Полем і святой Людовікай дэ Марыйяк. Менавіта там у 1830 годзе святая Кацярыне Лабурэ тройчы з’явілася Багародзіца і даручыла ёй місію па распаўсюджванню цудоўнага медальёна з выявай Беззаганнай Марыі. Маці Божая абяцала, што ўсе, хто будзе давяраць ёй і насіць яго, атрымаюць шмат ласкаў.
Штодзённыя цуды Божай прысутнасці
Як адзначаюць сёстры міласэрнасці, медальён — гэта не магічны прадмет, а знак даверу і напамін пра Божую прысутнасць у нашым жыцці. Сёстры не ўпэўненыя, з чым звязваюць павелічэнне колькасці вернікаў у капліцу на вуліцы Дзю Бак. «Мы ўспрымаем гэта як ласку з нябёсаў», — сказала штотыднёвіку «Famille Chrétienne» сястра Магдалена, архівіст супольнасці.
Яна прызнаецца, што штодня назірае «звычайныя» цуды Божай прысутнасці. «Калі я бачу пілігрымаў, якія моляцца, і іх слёзы, я кажу сабе: Бог тут. Гэта вельмі моцныя моманты», — дадае сястра.
Паводле onet.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!