12 верасня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся парафіяльны фэст, на якім прысутнічаў ганаровы госць – арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч. Па добрай народнай традыцыі шаноўнага іерарха парафіяне сустрэлі хлебам-соллю.
На пачатку святой Імшы пробашч парафіі Аляксандр Грыцкевіч у прывітальным слове адзначыў, што гэты дзень значны і гістарычны для парафіян, бо арцыбіскуп Кандрусевіч першы раз наведаў парафію ў Верхнядзвінску. Гэты цуд, па словах святара, стаў магчымым, бо і ён, і вернікі шчыра маліліся ў гэтай інтэнцыі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў усім за малітоўную падтрымку, якую асабліва адчуваў падчас мінулагодніх выпрабаванняў, калі на працягу 4-х месяцаў не мог вярнуцца ў Беларусь, і ўзначаліў святую Імшу.
У гаміліі іерарх падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі, асабліва духоўнай, да нараджэння кожнага дзіцяці, а таксама расказаў пра нараджэнне Дзевы Марыі, Якую параўнаў з ранішняй зоркай, пра духоўнае выхаванне будучай Маці Збаўцы яе бацькамі – святым Яўхімам і святой Ганнай. Арцыбіскуп выказаў занепакоенасць адносінамі да дару жыцця ў сучасным свеце, у сучаснай Беларусі. За мінулы год насельніцтва Беларусі зменшылася на 60 тысяч. Падчас абортаў забіта 29 тысяч дзяцей. Гэта сапраўдны генацыд беларускага народу, з якім нельга пагадзіцца. Трэба супрацьстаяць такім адносінам да чалавечага жыцця, будаваць адносіны на аснове Евангелля, на Божых прыказаннях, на хрысціянскіх каштоўнасцях. Шчаслівую будучыню мы зможам пабудаваць, калі пабудуем адносіны з Богам. Нялёгка выконваць Божыя запаведзі, няпроста выконваць Божую волю, але гэта наш хрысціянскі абавязак. На заканчэнне казання арцыбіскуп заклікаў: «Беларусь, калі хочаш быць вялікай, жыві паводле Божага закону! Беларусь, калі хочаш быць моцнай, барані жыццё!».
Затым вернікі прынеслі да алтара дары: сэрца – сімвал сэрца, якое баліць за Беларусь, свечку, ружанцы, зробленыя рукамі міністрантаў, збожжа, хлеб і віно.
Традыцыйна ў свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося асвячэнне зерня для сяўбы.
Пасля заканчэння святой Імшы старшыня парафіяльнай рады ад імя ўсіх парафіян выказала словы падзякі шаноўнаму госцю і ўручыла букет руж. Ксёндз Аляксандр Грыцкевіч падарыў арцыбіскупу абраз Георгія-Пераможцы. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваю чаргу падзякаваў за цёплую сустрэчу і супольную малітву.
Затым прысутныя памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі пры выстаўленным Найсвяцейшым Сакраманце. Пасля блаславення пробашч запрасіў дзяцей і моладзь на салодкі пачастунак, каб гэты святочны дзень яшчэ больш ярка застаўся ў іх памяці.
Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота
