Папа заклікаў маліцца аб сумленнасці суддзяў

Сусветная сетка малітвы Святога Айца апублікавала новы відэазварот з малітоўнымі інтэнцыямі на ліпень, у якім Папа заклікае суддзяў дзейнічаць сумленна і прытрымлівацца ў сваёй працы прыкладу Хрыста.

«Памолімся, каб усе, хто чыніць правасуддзе, працавалі сумленна, каб несправядлівасць, якая пануе ў свеце, ніколі не мела за сабой апошняга слова». Гэта малітоўная інтэнцыя Папы Францыска на ліпень 2019 года, прысвечаная прадстаўнікам судовай улады, трыбуналам, суддзям і адвакатам, што чыняць правасуддзе ва ўсім свеце. «Ад суддзяў залежаць рашэнні, якія закранаюць правы і ўласнасць людзей», – тлумачыць Папа ў відэароліку, падрыхтаваным Сусветнай сеткай малітвы. «Незалежнасць суддзяў павінна быць надзейнай абаронай ад фаварытызму і ціску, якія могуць аказваць згубны ўплыў на прынятыя рашэнні», – падкрэслівае Святы Айцец.

«Суддзі павінны прытрымлівацца прыкладу Езуса, Які ніколі не гандлюе ісцінай».

Айцец Фрэдэрык Форна, міжнародны дырэктар Сусветнай сеткі малітвы, нагадаў пра тое, што 4 чэрвеня 2019 года, выступаючы на ​​саміце панамерыканскіх суддзяў, Папа канстатаваў: абараняючы сацыяльныя правы або іх прыярытэт над іншымі відамі інтарэсаў, суддзі сутыкаюцца не толькі з несправядлівай сістэмай, але і з магутнай камунікацыйнай сістэмай улады, якая часта скажае сапраўднае значэнне судзейскіх рашэнняў, ставячы пад сумнеў сумленнасць і бездакорнасць служыцеляў Феміды: «Гэта няроўная і знясільваючая барацьба, у якой для таго, каб перамагчы, патрабуецца захоўваць не толькі сілу, але і крэатыўнасць і адпаведную гнуткасць».

Справядлівасць – гэта цнота, у якую трэба быць апранутым заўсёды; гэта не «адзенне для асаблівага выпадку», якое апранаюць толькі ідучы на ​​свята, падкрэсліў Папа 9 лютага 2019 года на аўдыенцыі для італьянскай асацыяцыі прадстаўнікоў судовай улады. Святы Айцец звярнуў увагу на асноватворную ролю юрыстаў-прафесіяналаў ў прадухіленні ўзнікнення «пажыўнага асяроддзя для нелегальнай дзейнасці» ў сілу сацыяльнага кантэксту.

«Згубная з’ява карупцыі ў правасуддзі ўплывае на мірнае суіснаванне і квітнее паміж людзьмі і краінамі, і Папа занепакоены тым, што гэта наносіць раны сацыяльнай тканцы грамадства», – гаворыцца ў каментары Сусветнай сеткі малітвы. Спасылаючыся на Канвенцыю ААН супраць карупцыі 2004 года, можна адзначыць, што «сумленнасць і непадкупнасць судовых органаў з’яўляецца адной з галоўных ахвяр такога бедства, як карупцыя, ад якой моцна пакутуюць найбяднейшыя пласты насельніцтва, паколькі яна стварае спрыяльныя ўмовы для няроўнасці».

Сафія Халхаджаева
Руская рэдакцыя Vatican News
Пераклад на беларускую мову Змітра Лупача

для друку для друку