[1]Сусветная сетка малітвы Святога Айца апублікавала новы відэазварот з малітоўнымі інтэнцыямі на ліпень, у якім Папа заклікае суддзяў дзейнічаць сумленна і прытрымлівацца ў сваёй працы прыкладу Хрыста.
«Памолімся, каб усе, хто чыніць правасуддзе, працавалі сумленна, каб несправядлівасць, якая пануе ў свеце, ніколі не мела за сабой апошняга слова». Гэта малітоўная інтэнцыя Папы Францыска на ліпень 2019 года, прысвечаная прадстаўнікам судовай улады, трыбуналам, суддзям і адвакатам, што чыняць правасуддзе ва ўсім свеце. «Ад суддзяў залежаць рашэнні, якія закранаюць правы і ўласнасць людзей», – тлумачыць Папа ў відэароліку, падрыхтаваным Сусветнай сеткай малітвы. «Незалежнасць суддзяў павінна быць надзейнай абаронай ад фаварытызму і ціску, якія могуць аказваць згубны ўплыў на прынятыя рашэнні», – падкрэслівае Святы Айцец.
«Суддзі павінны прытрымлівацца прыкладу Езуса, Які ніколі не гандлюе ісцінай».
Айцец Фрэдэрык Форна, міжнародны дырэктар Сусветнай сеткі малітвы, нагадаў пра тое, што 4 чэрвеня 2019 года, выступаючы на саміце панамерыканскіх суддзяў, Папа канстатаваў: абараняючы сацыяльныя правы або іх прыярытэт над іншымі відамі інтарэсаў, суддзі сутыкаюцца не толькі з несправядлівай сістэмай, але і з магутнай камунікацыйнай сістэмай улады, якая часта скажае сапраўднае значэнне судзейскіх рашэнняў, ставячы пад сумнеў сумленнасць і бездакорнасць служыцеляў Феміды: «Гэта няроўная і знясільваючая барацьба, у якой для таго, каб перамагчы, патрабуецца захоўваць не толькі сілу, але і крэатыўнасць і адпаведную гнуткасць».
Справядлівасць – гэта цнота, у якую трэба быць апранутым заўсёды; гэта не «адзенне для асаблівага выпадку», якое апранаюць толькі ідучы на свята, падкрэсліў Папа 9 лютага 2019 года на аўдыенцыі для італьянскай асацыяцыі прадстаўнікоў судовай улады. Святы Айцец звярнуў увагу на асноватворную ролю юрыстаў-прафесіяналаў ў прадухіленні ўзнікнення «пажыўнага асяроддзя для нелегальнай дзейнасці» ў сілу сацыяльнага кантэксту.
«Згубная з’ява карупцыі ў правасуддзі ўплывае на мірнае суіснаванне і квітнее паміж людзьмі і краінамі, і Папа занепакоены тым, што гэта наносіць раны сацыяльнай тканцы грамадства», – гаворыцца ў каментары Сусветнай сеткі малітвы. Спасылаючыся на Канвенцыю ААН супраць карупцыі 2004 года, можна адзначыць, што «сумленнасць і непадкупнасць судовых органаў з’яўляецца адной з галоўных ахвяр такога бедства, як карупцыя, ад якой моцна пакутуюць найбяднейшыя пласты насельніцтва, паколькі яна стварае спрыяльныя ўмовы для няроўнасці».
Сафія Халхаджаева
Руская рэдакцыя Vatican News [2]
Пераклад на беларускую мову Змітра Лупача