Папа: сужэнская любоў – не мімалётнае пачуццё, а шлях на ўсё жыццё

“Дарагія маладыя сябры! Ваша сэрца прагне любові. Глыбокай, палымянай і трывалай любові. Гэтае жаданне не выпадковае. Яно сведчыць пра тое, што вы створаны для любові”, — адзначыў на пачатку прадмовы Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што любоў “можа ўразіць сэрца, як страла – моцна і хутка. Аднак сапраўдная любоў на гэтым не спыняецца. Гэта не проста мімалётнае пачуццё, якое ўспыхвае на нейкі момант. Яна – нешта большае. Гэта глыбокае “так”, сказанае іншаму чалавеку, рашэнне, шлях і саюз на ўсё жыццё”, — падкрэсліў Папа.

Па словах Папы Льва XIV, сапраўдная любоў прымушае нас у першую чаргу задавацца пытаннем: “Як мне любіць так, як Хрыстус?”, а пытанне “Што атрымаю я?” адыходзіць на другі план.

“Дарагая моладзь, Бог кліча вас да такой вялікай любові. Не бойцеся яе глыбіні! Любоў, да якой вы пакліканы, дастаткова моцная, каб пераадольваць цяжкасці, і дастаткова вялікая, каб падтрымліваць вас на працягу ўсяго жыцця. Яна не дасканалая, але расце ў святле веры”, — заўважыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што Бог можа быць прысутным у чалавечай любові, перамяняючы яе і даючы здольнасць любіць так, як любіць Ён: праз служэнне, шчодры дар сябе і, калі неабходна, прабачэнне.

“Найпрыгажэйшы вобраз сапраўднай любові мы бачым, гледзячы на крыж Езуса Хрыста. Ён палюбіў нас да такой ступені, што аддаў за нас сваё жыццё”, — нагадаў Святы Айцец, заўважаючы, што запаведзь любові з’яўляецца “ДНК” хрысціянства.

Папа Леў XIV заахвоціў моладзь чытаць YOUCAT “Love Forever”. Ён адзначыў, што гэта кніга запрашае адкрыць сэрцы для задумы, якая большая за любую чалавечую мару, і дапамагае падрыхтавацца да таго, каб сказаць “так” на ўсё жыццё – “так”, якое, як Божая любоў, не стамляецца і застаецца верным.

“Я малюся за вас, якія будзеце чытаць гэтую кнігу, ініцыятарам якой стаў дарагі Папа Францішак. Няхай Езус Хрыстус не дае спакою вашым сэрцам, пакуль яны не знойдуць спакою ў Ім. Няхай Святы Дух будзе вашым святлом і сілай. І няхай вы, як Марыя, Маці Прыгожай Любові, з даверам і адвагай адкажаце на самае прыгожае пакліканне – пакліканне да любові”, — завяршыў сваю прадмову Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку