Папа падчас Анёл Панскі: дзяліцеся сваімі дарамі з іншымі

Скарб нашага жыцця лепш за ўсё “інвесціраваць” у справы міласэрнасці, — сказаў 10 жніўня 2025 года Папа падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”.

Каментуючы евангельскі ўрывак (Лк 12:32-48), Святы Айцец нагадаў словы Езуса: “Прадайце, што маеце, і дайце міласціну”. “Гэта значыць, Ён заклікае нас не захоўваць пры сабе дары, якія даў нам Бог, а выкарыстоўваць іх з шчодрасцю на карысць іншых, асабліва тых, хто найбольш мае патрэбу ў нашай дапамозе”, — падкрэсліў Пантыфік.

Гаворка ідзе не толькі пра матэрыяльныя рэчы, але і пра тое, каб дзяліцца нашымі здольнасцямі, часам, цеплынёй сэрца, прысутнасцю і спачуваннем. Карацей кажучы, усім, што, па задуме Бога, робіць кожнага з нас унікальным і неацэнным. Гэтыя дары трэба ўвесь час развіваць, інакш яны вычарпаюцца ці будуць прысвоены зладзеямі як нейкі прадмет спажывання, — папярэдзіў Святы Айцец.

“Божы дар, якім з’яўляемся мы самі, не прызначаны для таго, каб быць вычарпаным такім чынам. Ён патрабуе прасторы, свабоды, адносін, каб рэалізавацца і раскрыцца. Ён мае патрэбу ў любові, якая перамяняе і ўзвышае кожны аспект нашага існавання, робячы нас усё больш падобнымі на Бога”, — падкрэсліў Папа, нагадаўшы, што Езус прамовіў тыя словы на шляху ў Ерузалем, дзе на крыжы цалкам аддаў сябе дзеля нашага збаўлення.

Таму самай бяспечнай і прыбытковай “інвестыцыяй” для скарбу нашага жыцця з’яўляюцца справы міласэрнасці. Як вучыць Евангелле, нават бедная ўдава з дзвюма лептамі ў Божых вачах становіцца найбагацейшай (пар. Мк 12:41-44). Цытуючы святога Аўгусціна, Папа нагадаў: калі чалавек дае з любоўю, гэта прыносіць не золата або срэбра, але жыццё вечнае. Змяняецца не толькі тое, што ён дае, але і ён сам.

Святы Айцец прывёў у прыклад простыя вобразы. “Маці, якая абдымае сваіх дзяцей. Хіба яна не самы прыгожы і багаты чалавек у свеце? Закаханыя, якія адчуваюць сябе “каралём і каралевай”, калі яны разам. І мы маглі б прывесці яшчэ шмат прыкладаў”, — сказаў ён.

Пантыфік заклікаў, каб у сям’і, у парафіі, у школе і на працы, дзе б мы ні былі, мы не прапускалі ніводнай магчымасці любіць. Гэта тая ўважлівасць, гатоўнасць дапамагаць, адчувальнасць, аб якой просіць нас Езус.

Папа Леў XIV даручыў “гэта жаданне і абавязацельства” Марыі, Ранішняй зорцы, просячы, каб яна дапамагла нам быць «вартавымі» міласэрнасці і міру ў свеце, поўным падзелаў, і пераймаць прыклад моладзі, якая прыязджала ў Рым на Юбілей.

Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку