Святое Пісанне і Традыцыя “настолькі звязаны і злучаны паміж сабой, што без аднаго няма і другога, а ўсе разам – кожнае па-свойму пад натхненнем Духа Святога – дзейсна спрыяюць збаўленню душ”, — нагадаў Папа.
Сувязі паміж Святым Пісаннем і Традыцыяй у святле дагматычнай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора пра Божае Аб’яўленне “Dei Verbum” прысвяціў Пантыфік сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 28 студзеня 2026 года ў Зале Паўла VI у Ватыкане.
Божае слова і яго распаўсюджванне
Каб патлумачыць сувязь паміж Божым словам і Традыцыяй, Папа Леў XIV працытаваў два евангельскія ўрыўкі. У першым Езус запэўніўвае вучняў, сабраных у Вячэрніку, што Святы Дух навучыць іх усяму і прывядзе да праўды. У другім – уваскрослы Хрыстус аб’яўляецца вучням і заклікае іх ісці і навучаць усе народы. “У гэтых дзвюх сцэнах відавочная цесная сувязь паміж словам, прамоўленым Хрыстом, і яго распаўсюджваннем на працягу стагоддзяў”, — падкрэсліў Пантыфік.
Традыцыя і Святое Пісанне маюць адну крыніцу
Цытуючы канстытуцыю “Dei Verbum”, Папа адзначыў, што “Святая Традыцыя і Святое Пісанне цесна звязаны паміж сабой і пераклікаюцца адно з адным, бо абодва яны выцякаюць з адной боскай крыніцы, пэўным чынам зрастаюцца ў адно і імкнуцца да адной мэты”. “Касцельная Традыцыя развіваецца на працягу ўсёй гісторыі Касцёла, які захоўвае, тлумачыць і ўвасабляе Божае слова”, — дадаў ён.
Традыцыя развіваецца ў Касцёле
Папа заўважыў, што “Традыцыя, якая паходзіць ад Апосталаў, развіваецца ў Касцёле з дапамогай Духа Святога” (DV, 8). “Гэта адбываецца дзякуючы больш поўнаму разуменню праз “кантэмпляцыю і стараннасць вернікаў”, праз досвед, які нараджаецца з “больш глыбокага разумення духоўнай рэчаіснасці”, і, у першую чаргу, праз прапаведаванне наступнікаў апосталаў, якія атрымалі “неад’емны дар праўды”. Абагульняючы можна сказаць, што “Касцёл трывае ў сваім вучэнні, жыцці і кульце і перадае ўсім пакаленням тое, чым ёсць сам, і тое, ува што верыць”, — адзначыў ён.
Божае слова – не нешта застылае
“Божае слова не з’яўляецца нечым застылым, а ўяўляе сабой жывую і арганічную рэальнасць, якая развіваецца і ўзрастае ў Традыцыі. Дзякуючы Святому Духу Традыцыя разумее Божае слова ў багацці яго праўды і ўвасабляе яго ў зменлівых каардынатах гісторыі”, — падкрэсліў Папа Леў XIV.
Пуцяводная зорка на шляху
Пантыфік спаслаўся на Доктара Касцёла, святога Джона Генры Ньюмана, які казаў пра развіццё хрысціянскага вучэння, дзякуючы яго ўнутранай жыццёвай сіле, а таксама нагадаў пра заклік захоўваць “дэпазіт веры”, які апостал Павел неаднаразова скіроўваў да свайго вучня і паплечніка Цімафея.
“Святая Традыцыя і Святое Пісанне складаюць адзіны святы дэпазіт Божага слова, даручаны Касцёлу”, — сказаў Папа, дадаючы, што Касцёл пакліканы захоўваць гэты скарб у цэласнасці і тлумачыць з дапамогай Настаўніцкага Інстытута, “улада якога ажыццяўляецца ў імя Езуса Хрыста”.
“Дэпазіт” Божага слова таксама і сёння знаходзіцца ў руках Касцёла, і ўсе мы, у розных касцельных служэннях, павінны працягваць захоўваць яго ў цэласнасці, як пуцяводную зорку для нашага шляху ў складанасцях гісторыі і быцця”, — дадаў ён.
Збаўленне душ
Пантыфік завяршыў катэхезу словамі канстытуцыі “Dei Verbum”, якая кажа, што Святое Пісанне і Традыцыя, “настолькі звязаны і злучаны паміж сабой, што без аднаго няма і другога, а ўсе разам – кожнае па-свойму пад натхненнем Духа Святога – дзейсна спрыяюць збаўленню душ”.
Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!