Папа Леў XIV наведаў пажылых жыхароў пансіяната ў Кастэль Гандольфа

21 ліпеня 2025 года Пантыфік наведаў пансіянат для пажылых «Святая Марта» у Кастэль Гандольфа, дзе сустрэўся з жыхарамі ва ўзросце ад 80 да 101 года, падзякаваў ім за малітву і назваў іх «знакамі надзеі».

Папу Льва XIV сустрэла супольнасць манахінь, пасля чаго ён разам з імі памаліўся ў капліцы. Пасля малітвы Папа асабіста павітаў каля 20 пажылых жанчын, якія жывуць у гэтай установе. Усе яны ва ўзросце ад 80 да 101 года. Святы Айцец правёў некаторы час у размове з імі і з манахінямі. Так апісвае візіт Папы Зала Друку Святога Пасада.

Пасля прывітання ад маладой медсястры і супольнай малітвы з песнямі, Леў XIV звярнуўся да ўсіх з некалькімі словамі. Ён спаслаўся на тэмы песень і Евангелля, якое чыталася падчас учарашняй нядзельнай Імшы.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў кожным з нас ёсць частка Марты і частка Марыі, і заахвоціў пажылых людзей перажываць гэты перыяд жыцця па прыкладзе Марыі – слухаючы слова Езуса і молячыся.

Папа падзякаваў за малітву, назваўшы яе «вельмі важнай, нашмат большай, чым мы можам уявіць». Ён дадаў: «Узрост не мае значэння: гэта Езус хоча наблізіцца да нас, робіцца нашым госцем, запрашае нас быць сведчаннем, у маладым узросце і не вельмі маладым».

«Вы з’яўляецеся знакамі надзеі, — заключыў Папа Леў XIV, — вы шмат далі ў жыцці і працягвайце быць гэтым сведчаннем малітвы, веры», сям’ёй, якая ахвяруе Пану тое, што мае.

Пасля супольнай малітвы «Ойча наш», Пантыфік яшчэ некаторы час правёў, аглядаючы ўстанову, а потым каля 11.30 вярнуўся ў Вілу Барберыні, сваю рэзідэнцыю падчас летняга адпачынку.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку