Папа: гісторыя ў руках Бога і тых, хто спадзяецца на Яго

Езус хоча нараджацца зноў і зноў: мы можам даць Яму цела і голас. Вось нараджэнне, якога чакае ўсё стварэнне, — падкрэсліў Леў XIV падчас апошняй юбілейнай аўдыенцыі, якая прайшла 20 снежня 2025 года ў Ватыкане.

“Калі Божае Нараджэнне ўжо на парозе, мы можам сказаць: “Пан – блізка!”. Без Езуса гэта сцвярджэнне можа гучаць амаль як пагроза, але дзякуючы Яму мы адкрываем, што Бог, як прадчувалі прарокі, з’яўляецца ўлоннем міласэрнасці […] У Ім няма пагрозы, але прабачэнне”, — нагадаў на пачатку катэхезы Святы Айцец.

Заставацца пілігрымамі надзеі

“Дарагія, сёння апошняя з суботніх юбілейных аўдыенцый, распачатых у студзені Папам Францішкам. Юбілей падыходзіць да завяршэння, але не заканчваецца надзея, якую нам даў гэты год: давайце застанемся пілігрымамі надзеі”, — заклікаў Папа.

Леў XIV нагадаў, што надзея з’яўляецца жыццядайнай тэалагальнай цнотай і Божай сілай, якая заўсёды дазваляе нарадзіцца нанова. “Надзея – гэта сапраўдная сіла. Тая, якая пагражае і забівае: гэта не сіла, а нахабства, агрэсіўны страх, бясплоднае зло. Божая сіла дае жыццё. Таму напрыканцы я хацеў бы сказаць: спадзявацца – значыць нараджаць”, — падкрэсліў Пантыфік.

Гісторыя ў руках Бога і тых, хто спадзяецца на Яго

Святы Айцец заўважыў, што дзякуючы веры і надзеі нават пакуты зямлі і бедных могуць стаць пакутамі нараджэння, калі мы ўважлівыя да іх крыку і памятаем пра іх у малітве.

“Але многія магутныя не слухаюць гэты крык: багацці зямлі знаходзяцца ў руках нямногіх, вельмі нямногіх, усё больш сканцэнтраваныя – несправядліва – у руках тых, хто часта не хоча слухаць вокліч зямлі і бедных. Бог прызначыў для ўсіх даброты стварэння, каб імі карысталіся ўсе. Наша заданне – даваць жыццё, а не рабаваць. І тым не менш, у веры пакуты зямлі і бедных – гэта пакуты нараджэння. Бог дае жыццё заўсёды, Бог яшчэ стварае, і мы можам даваць жыццё разам з Ім праз надзею. Гісторыя ў руках Бога і тых, хто спадзяецца на Яго. Ёсць не толькі тыя, хто крадзе, але ў першую чаргу тыя, хто дае жыццё”, — запэўніў Святы Айцец.

Езус хоча нараджацца зноў і зноў

Папа адзначыў, што хрысціянская малітва з’яўляецца глыбока марыйнай, бо ў Марыі з Назарэту “мы бачым адну з нас, якая нараджае”. “Бог зрабіў Яе плённай і прыйшоў да нас з Яе рысамі, як кожны сын падобны да сваёй маці. Яна – Маці Бога і наша Маці. “Надзея наша”, кажам мы ў “Salve Regina”. Яна падобная да Сына, і Сын падобны да Яе. А мы падобныя да гэтай Маці, якая дала аблічча, цела і голас Божаму слову. Мы падобныя да Яе, бо можам нараджаць Божае слова ўсюды, можам перамяняць крык, які чуем, у нараджэнне. Езус хоча нараджацца зноў і зноў: мы можам даць Яму цела і голас. Вось нараджэнне, якога чакае ўсё стварэнне”, — сказаў Папа.

Спадзявацца – значыць даваць жыццё

Леў XIV падкрэсліў, што спадзявацца – значыць даваць жыццё і бачыць, як наш свет становіцца светам Бога: светам, у якім Бог, людзі і ўсе стварэнні зноў разам ідуць па горадзе-садзе, новым Ерузалеме. “Няхай Марыя, наша надзея, заўсёды суправаджае нашу пілігрымку веры і надзеі”, — завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку